Хваля жорсткіх рэпрэсій працягвалася летась па ўсёй Беларусі. Паводле звестак праваабаронцаў, агулам у 2023-м з пераследам за свае погляды сутыкнулася больш за шэсць тысяч жыхароў краіны. Такія звесткі апублікаваў праваабарончы цэнтр «Вясна».
«З палітычным адміністрацыйным пераследам сутыкнулася не менш за 6386 чалавек, з іх амаль 4500 асудзілі па адміністрацыйных справах. Як мінімум дзве тысячы чалавек прайшлі праз „суткі“ і нечалавечыя ўмовы ў ізалятарах часовага ўтрымання па ўсёй Беларусі (ім не выдавалі матрацы і сродкі гігіены, дагэтуль не прымаюць перадач)», — гаворыцца ў паведамленні.
Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», колькасць рэпрэсаваных можа быць значна вышэйшай, бо ўся інфармацыя пра такія справы не даходзіць да праваабаронцаў — многія баяцца пра гэта паведамляць.
Найбольшую колькасць рэпрэсій праваабаронцы зафіксавалі ў Мінску і Мінскай вобласці — 1535 чалавек. Далей ідуць Гомельская і Гродзенская вобласці — 1345 і 1023 чалавекі. У Віцебскай вобласці пераслед з боку дзяржавы зазнаў 971 жыхар, у Брэсцкай — 943, а ў Магілёўскай вобласці — 436.
Якія пакаранні часцей за ўсё давалі па адміністрацыйных справах у 2023 годзе
Паводле звестак праваабаронцаў, летась па ўсёй Беларусі прайшло не менш за 4466 судовых працэсаў па так званых палітычных артыкулах. Суды наклалі як мінімум 1822 штрафу на агульную суму 1 524 492 рублі (каля 466 000 даляраў). Таксама рашэннямі суддзяў былі арыштаваныя не менш за 2005 чалавек. Усяго беларусы прабылі ў СІЗА не менш за 22 988 сутак (амаль 64 гады на ўсіх). Акрамя таго, паводле звестак «Вясны», па 22 справах суды прызначылі пакаранні ў выглядзе грамадскіх работ, а 38 справаў былі спыненыя на розных падставах.