Следчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу за адмаўленне генацыду беларускага народа ў гады Другой сусветнай вайны. Пра гэта СК паведаміў на сваім сайце.
Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС затрымалі 54-гадовага мінчука — адміністратара групы ў «Аднакласніках». СК сцвярджае, што з лістапада 2021 года мужчына размяшчаў там пасты на гістарычную тэматыку і нібыта раказваў падпісчыкам, што «зверствы, учыненыя на тэрыторыі Беларусі, памылкова прыпісаныя нацысцкім акупантам. Ён сцвярджаў, што сусветна вядомая „Хатынь“ пацярпела ад рук партызан».
У дачыненні да мужчыны распачатая крымінальная справа за адмаўленне генацыду беларускага народа (ч.1 арт. 130−2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Таксама гэтага чалавека абвінавацілі па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 368 (Абраза прэзідэнта РБ); ч. 1 арт. 342 (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый). Мяркуючы з гэтых абвінавачанняў, адміністратар групы ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года.
Як пазней удакладніла «Медыязона», паведамленне, на якое спасылаюцца сілавікі, было апублікаванае ў сакавіку 2023 года ў групе «Вместе мы — Беларусь», на якую падпісаныя 3,5 тысячы чалавек. Аўтар паста — 54-гадовы Андрэй Савіцкі. Апошні раз у сацыяльнай сетцы ён быў 15 лютага.
У тэлеграм-канале УУС Мінгарвыканкама сцвярджаецца, што сілавікі «ўпершыню прыцягваюць да адказнасці за адмаўленне генацыду». Крымінальныя справы за гэтае адмаўленне былі і раней. Напрыклад, у студзені 2024 года яе завялі ў дачыненні да журналіста «Радыё Свабода». Магчыма, гаворка ідзе пра першае затрыманне па гэтым артыкуле.