Гомельскі абласны суд асудзіў грамадзянку Украіны Наталлю Захаранка на дзевяць гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў шпіянажы, паведамляе «Радыё Свабода».
Як піша выданне, акрамя турэмнага тэрміну суд пастанавіў канфіскаваць у Наталлі мікрааўтобус.
Разам з украінкай судзілі і яе сяброўку, беларуску з Мазыра Ларысу Крупу. Ёй інкрымінавалася непаведамленне пра злачынства. Жанчына атрымала штраф у памеры 100 базавых велічынь (4 тысячы рублёў).
Суд над жыхаркай Чарнігава Наталляй Захаранка пачаўся 15 лютага. Абставіны абвінавачання невядомыя, як і падрабязнасці працэсу — суд быў закрытым.
Нагадаем, Наталля Захаранка дапамагала суайчыннікам выязджаць з Беларусі. Жанчына перастала выходзіць на сувязь з 19 ліпеня 2023 года.