Гродзенскі абласны суд асудзіў Фёдара Шведава на 3,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, паведамілі ў прэс-службе суда.
Мужчыну судзілі па арт. 361−2 КК (Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання). Паведамлялася, што ён перавёў 52 рублі 88 капеек (20 даляраў па курсе) «Сумленным людзям», 26 рублёў сем капеек (дзесяць даляраў у эквіваленце) «Беларускай Радзе культуры» і 26 рублёў 20 капеек BY_help.
Пракурор на судзе заявіў, што абвінавачаны «дзейнічаў па матывах ідэалагічнай варожасці», а пераводы рабіў з дапамогай мабільнага тэлефона.
Фёдар Шведаў часткова прызнаў сваю віну. Ён растлумачыў, што «не збіраўся даваць грошы „экстрэмісцкім“ фарміраванням, а перавёў іх на дабрачынныя мэты для аказання дапамогі ў аплаце штрафаў, паслуг адвакатаў, медыкаментаў людзям, якія бралі ўдзел у акцыях пратэсту».
Суддзя Віталь Кулеш прызнаў Фёдара Шведава вінаватым і асудзіў яго на тры гады і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») з канфіскацыяй тэлефона.
Фёдару Шведаву 48 гадоў, ён жыве з сям’ёй у Ашмянах. У 1998 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «фізік». У Шведава як мінімум трое дзяцей — двое дарослых і адзін няпоўнагадовы.
У «Што? Дзе? Калі?» мужчына гуляе з 2006 года і ўдзельнічаў амаль ва ўсіх рэспубліканскіх спаборніцтвах. Каманда Шведава згуляла восем сезонаў, Апошні — у траўні 2020 года. У 2017 годзе беларус атрымаў крыштальную саву як найлепшы гулец сезона.