У Мінску адмянілі рашэнне раённага суда, які абавязаў выпускніцу-сірату, што не адпрацавала размеркаванне, кампенсаваць сродкі, выдаткаваныя на яе навучанне ў каледжы. Падрабязнасці расказалі ў прэс-службе Генпракуратуры.
У жніўні 2022 года дзяўчына скончыла каледж па спецыяльнасці «кандытар 3-га разраду». Пасля ўручэння дыплома яе адправілі адпрацоўваць размеркаванне. Аднак ужо ў лістападзе таго ж года дзяўчыну звольнілі за прагулы.
Пасля гэтага каледж, у якім вучылася дзяўчына, падаў на яе пазоў у суд з патрабаваннем вярнуць 7 тысяч рублёў, якія былі «выдаткаваныя дзяржавай на яе навучанне». Рашэнне суда было не на карысць былой выпускніцы. Яе абавязалі кампенсаваць сродкі ў поўным аб’ёме.
Пракурор Мінскай вобласці не пагадзіўся з такой пазіцыяй і апратэставаў рашэнне суда. Ён адзначыў, што суд не прыняў да ўвагі тое, што адказчыца — сірата: яе бацька памёр у 2007 годзе, а маці ў тым самым годзе пазбавілі бацькоўскіх правоў.
«У пратэсце пракурор адзначыў, што наяўнасць у асобы статусу сіраты дае ёй асаблівыя гарантыі сацыяльнай абароны з боку дзяржавы, уключаючы права на атрыманне бясплатнай адукацыі ў дзяржаўных навучальных установах і льготы падчас кампенсацыі сродкаў, выдаткаваных на яе падрыхтоўку. Пры гэтым звальненне адказчыцы з працы за прагул у гэтым выпадку не было падставай для спагнання сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на яе навучанне, бо ў законе прадугледжанае распаўсюджанне гарантый на дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, без якіх-кольвек выключэнняў», — паведамілі ў Генпракуратуры.
У выніку рашэнне раённага суда пра спагнанне з дзяўчыны выдаткаваных на яе навучанне сродкаў было адмененае.