Украіна з Расіяй чарговы раз абмяняліся ваеннапалоннымі. У межах гэтага абмену былі вызваленыя 10 украінцаў, пяцёра з якіх утрымліваліся ў беларускіх турмах. Адна з вызваленых — жыхарка Чарнігава Наталля Захаранка. Яна расказала сваю гісторыю «Радыё Свабода».
28 чэрвеня Украіна вярнула з расійскага палону 10 чалавек. Сярод іх было пяць грамадзян Украіны, арыштаваных на тэрыторыі Беларусі. За пасярэдніцтва ў падрыхтоўцы вызвалення людзей прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў Ватыкану і Аб’яднаным Арабскім Эміратам.
«Яшчэ пяцёра цывільных, якія былі захопленыя на тэрыторыі Беларусі і пазбаўленыя свабоды: Мікалай Швец, Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка і Кацярына Бруханава. Усе яны ўжо вызваленыя і дома — ва Украіне», — напісаў Зяленскі.
Наталлю Захаранка, жыхарку Чарнігава, затрымалі ў Беларусі ў сярэдзіне ліпеня 2023 года. Увесну 2024 года Гомельскі абласны суд прызнаў яе вінаватай у «агентурнай дзейнасці» і пакараў 9 гадамі зняволення. Суд быў закрытым. Наталля, якая цяпер ужо дома ў Чарнігаве, пасля вызвалення пагутарыла са «Свабодай».
«Не дайшла мая чарга»
У 2022−2023 годзе Наталля практычна штомесяц ездзіла ў беларускі Мазыр праз Польшчу. Яна перавозіла людзей, дакументы, рэчы. Мяжа Беларусі з Украінай пасля ўварвання Расіі закрытая, таму паслугі Наталлі карысталіся попытам. Яна кажа, што часта вывозіла беларусаў ва Украіну, да сваякоў. Практычна год да Наталлі не было прэтэнзій у беларускіх уладаў. Але ў ліпені 2023 года яна раптам знікла ў Мазыры. Знайшлася ў гомельскім СІЗА.
Наталля расказала «Свабодзе», што ў Мазыры спынялася ў сяброўкі. Яе таксама схапілі, абвінавацілі ў «неданясенні пра злачынства». На судзе Наталля атрымала 9 гадоў за «агентурную дзейнасць», сяброўка — штраф у 100 базавых за «неданясенне».
«Я ездзіла, мяне не чапалі; да мяне проста не дайшла чарга. Тут ж, як кажуць, прыйшоў час. Мне схапілі, калі я ўжо 10 дзён была ў Мазыры. На 6 дзён кінулі ў ІЧУ ў Гомелі, потым перавялі ў СІЗА», — успамінае арышт украінка.
Абвінавачанні яна называе «поўным трэшам, трызненнем, высмактаным з пальца». Наталля мяркуе, што яе пакаралі за тое, што шмат беларусаў вывезла ва Украіну і часта перасякала мяжу.
«Суд быў закрыты, рабіце высновы самі — каб ніхто на яго не трапіў, ніхто не чуў, што там было, ніякіх доказаў няма», — кажа Наталля.
Яна зазначае, што абвінавачанні беларусак, з якімі яна сядзела ў СІЗА, сталі проста шокам для яе.
«Чалавек напісаў недзе „рашысты“ — атрымаў год, іншы напісаў каментар з трох словаў — атрымаў два з паловай гады, паставіў „падабайку“ — паўтара года. У мяне проста няма словаў! Я проста ў шоку», — жахаецца ўкраінка.
«На судзе хацела крыкнуць «Слава Украіне!»
Наталля кажа, што на судзе і падчас прысуду піла заспакаяльныя сродкі — валярʼянку, каб «не пачаць выступаць».
«Бо на прысудзе мне карцела крыкнуць «Слава Украіне», ды я забаялася што яшчэ гадоў пяць дадаткова атрымаю», — згадвае былая зьняволеная. Яна кажа, што артыкул «агентурная дзейнасьць» у СІЗА лічыцца палітычным, і стаўленне да такіх зняволеных адпаведнае. Паводле Наталлі, да такога артыкула цяжка знайсці адваката, усе адмаўляюцца. Яна мела абаронцу і лічыць гэта цудам.
У розных канвойных было рознае стаўленне да палітычных. Некаторыя «стараліся» і кожную гадзіну прымушалі даваць справаздачу канвойнаму — імя, прозвішча, паводле якога артыкула сядзіш, расказвае Наталля.
«Абавязкова трэба было дадаваць: «Схільная да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці». «Даруй, Госпадзе», — дадавала я», — успамінае ўкраінка.
Пасля прысуду Наталля рыхтавалася да этапу ў жаночую калонію, ужо сабрала рэчы, сумкі, чакала адпраўкі.
Але па яе прышлі і загадалі: «З рэчамі на выхад». Наталля думала, што яе пераводзяць у іншую камеру. Жанчыну пасадзілі ў «бусік» і павезлі некуды, нічога не гаворачы. На галаву надзелі мяшок, у вушы — берушы.
Разам з Наталляй у «бусік» трапілі ваеннапалонныя з Расіі і яе суседка з Чарнігава, Людміла Ганчарэнка. Яна таксама часам ездзіла ў Беларусь, яе таксама затрымалі, абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасці» і далі 3 гады калоніі. На момант вызвалення Людміла ўжо была ў гомельскай жаночай калоніі.
«Толькі літаральна за гадзіну да мяжы нам паведамілі, што нас перададуць ва Украіну, па абмене. У мяне быў такі шок, так трэсліся рукі, што я не магла выпіць вады, заліла ўсю футболку. У мяне была істэрыка, я думала, што гэта нейкі сон», — зазначае Наталля.
«Усё было як у блакбастары»
Наталля расказвае, што на беларускі бок мяжы з Украіны даставілі траіх вайсковых расіян, якія былі ў палоне, і аднаго святара. Расіяне былі на інвалідных вазках. Але вазкі трэба было вярнуць украінскаму боку. Таму ўкраінцы, у тым ліку Наталля, узялі тыя вазкі і пакацілі іх назад. На вазкі яны паклалі свае рэчы. Пасля ўсіх пасадзілі на верталёт, і яны паляцелі ў Кіеў. «Усё было як у блакбастары», — смяецца Наталля.
Яна ўспамінае, што пасля словаў пра абмен і вяртанне ва Украіну яна мела толькі адно жаданне — патэлефанаваць маці і сказаць: «Мама, я дома». «Я да гэтага часу не апамяталася, нібыта ў сне ўсё. Пайшла ў горад, там людзей столькі, аўтамабіляў! Я разгубілася, не ведаю, куды рукі дзець. Ці ззаду трымаць, як у турме, ці ў кішэні пхаць іх», — расказвае Наталля.
Суразмоўніца дадала, што ў турме ў яе пахіснулася здароўе — упаў зрок, баліць спіна, бо штодзень можна было толькі сядзець, нельга было ляжаць.
«Таблеткі там, хоць якога анальгіну, не дапросішся. У мяне ціск быў: з 6 раніцы да паловы 10 вечара чакала, каб яго проста памералі. Ну як там мераюць — сунеш руку ў «кармушку» і так з горам папалам мераюць», — успамінае ўкраінка.
Яна думае, што яшчэ доўгі час будзе адыходзіць ад апошняй паездкі ў Беларусь. На пытанне, ці паедзеце туды некалі зноў, Наталля жартам адказвае: «Толькі калі разам з вамі ці калі вас туды трэба завезці».
«Як у вас там кажуць? «Не сядзеў — не беларус»? — кажа Наталля. — Так, але гэта рэальна жах, за што там садзяць людзей. Я і раней ведала, што там робіцца, але нават не ведала, што за нейкае трызненне магу трапіць за краты».