«Звяртаем вашую ўвагу: усе размовы з дадзеным суразмоўцам запісваюцца спецыяльнымі службамі. Калі падчас размовы вы пачуеце вось такі сігнал — зрабіце, калі ласка, паўзу, мы перавернем касету», — такое паведамленне чулі тыя, хто тэлефанаваў начальніку Ленінскага РУУС Віталю Капілевічу ў 2021 годзе. Як мы пра гэта даведаліся? «Люстэрку» дапамаглі «Кіберпартызаны», якія ўзламалі і спампавалі базу праслуховак. Расказваем пра жарт сілавіка, які аказаўся праўдай.
Хто гэта такі?
Віталю Капілевічу 42 гады. Ён працуе ў сілавых органах больш за 20 гадоў. Паводле звестак «Кіберпартызан», мужчына пачынаў участковым у Рэчыцы. З 2005 года працаваў у Мінску ў РУУС Фрунзенскага раёна і Заводскага раёна. Да 2020-га Капілевіч дарос да начальніка РУУС — ужо ў Ленінскім раёне сталіцы.
У жніўні 2020-га Ленінскае РУУС фігуравала ў паведамленнях пра жорсткае збіццё пратэстоўцаў. Гэтае ўпраўленне згадвалася ў дакуменце, у якім сабраныя траўмы людзей, што пацярпелі ў першыя дні пратэстаў. Да прыкладу, 10 жніўня адтуль шпіталізавалі двух чалавек: аднаго — з рэзанымі ранамі абодвух сцёгнаў, другога — у стане пасля электратраўмы. 13 жніўня з гэтага ж РУУС забралі чалавека з закрытай ЧМТ, страсеннем галаўнога мозгу, ударам мяккіх тканак цемянной вобласці справа, пераломам носа.
У пачатку верасня 2020-га Капілевіч разам з кіраўніком адміністрацыі сустракаўся з жыхарамі раёна. Тады ён прызнаў, што «памылак вельмі шмат і з нашага боку, і з іншага боку». Сілавік паведаміў пра 1800 заяваў адносна нанясення цялесных пашкоджанняў, якія паступілі ў СК. І прапаноўваў дачакацца, пакуль іх разгледзяць.
Улетку 2021 года сілавіка ўключылі ў санкцыйны спіс Еўрасаюза. Кіраўніка РУУС назвалі адказным за бесчалавечнае і зневажальнае абыходжанне з затрыманымі, у тым ліку за катаванні.
А далей Капілевіч пайшоў на павышэнне: ужо ў лістападзе 2021 года ён удзельнічаў у прэс-канферэнцыі МУС як намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Пасля гэтага ў 2022-м ён некалькі разоў выступаў на тэлебачанні, расказваючы пра барацьбу з педафіламі, у 2023 годзе даваў інтэрв'ю таксама з гэтай нагоды.
Праўда, цяпер на сайце МУС намеснікам начальніка ўпраўлення па наркакантролі і гандлі людзьмі названы іншы чалавек. Чым займаецца Капілевіч, невядома.
Якія размовы трапілі ў праслухоўку?
Аб’ектам праслухоўкі быў як сам Віталь Капілевіч, так і іншыя людзі, якім ён тэлефанаваў. Цікава, што супрацоўнікі, якія захоўвалі запісы размоваў, пазначалі людзей мянушкамі. Капілевіча празвалі Калачыкам.
У шматгадзіннай базе — дзясяткі размоваў «Калачыка». Некалькі разоў на запісах замест гудкоў чуваць і тыя самыя жартоўныя фразы: «Звяртаем вашую ўвагу: усе размовы з дадзеным суразмоўцам запісваюцца спецыяльнымі службамі. Калі падчас размовы вы пачуеце вось такі сігнал — зрабіце, калі ласка, паўзу, мы перавернем касету». Такія запісы можна знайсці на сайтах з рынгтонамі ў катэгорыі «прыкольныя».
Мяркуючы з запісаў, атрыманых «Люстэркам», асноўныя пытанні сілавікі абмяркоўвалі на сустрэчы або праз унутраную сувязь. Праз мабільную яны гаварылі вельмі каротка і без падрабязнасцяў. Да прыкладу, у чэрвені 2021 года адбыўся такі дыялог:
— Міхалыч, а ты не ўдакладняў, не тэлефанавалі табе па пытанні? — пытаў Капілевіч Сяргея Кісяля, на той момант намесніка начальніка Ленінскага РУУС, то-бок свайго падначаленага.
— Так, Вітальевіч, яшчэ не ўдакладняў. Па пытанні там яны ўдакладняць у панядзелак. І я адразу на кантролі, я вам набяру, — адказвае Кісель.
Што за пытанне, мужчыны свядома не гавораць. Відаць, яны здагадваюцца, што іх могуць слухаць староннія.
А 10 чэрвеня 2021 года Капілевіч так абмяркоўваў з Кісялём ахову школьных выпускных:
— Тут [унутраныя] войскі будуць стаяць. Сёння ў нас адну школу змянілі, да дзвюх будуць хадзіць, якраз патрульны змяніўся, яны да трох паходзяць. І ўнутры ў нас жа аўтобус ахоўваюць, яны будуць тут да шасці раніцы таксама. Перыметр — я праінструктаваў — будуць глядзець. Я сказаў: калі хтосьці будзе лезці — адразу біце, потым будзем разбірацца.
— Так, на выходныя тады ўжо арганізуем, — адказвае Капілевіч.
Хто праслухоўваў?
Канкрэтна гэтых людзей «слухалі» супрацоўнікі Дэпартамента забяспечання аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС.
У 2021 годзе, калі «Кіберпартызаны» ўзламалі базы дадзеных МУС, аказалася, што ДЗАВД займаўся праслухоўваннем дзяржпрадпрыемстваў, установаў аховы здароўя, бізнесоўцаў. На серверах дэпартамента знайшлося некалькі сотняў тысяч гадзін аўдыязапісаў.
«Кіберпартызаны» адзначаюць, што праслухоўвалася ўнутраная сувязь МУС (многія запісы адтуль былі апублікаваныя), а ў «асабліва цікавых» супрацоўнікаў — асабісты мабільны і хатні тэлефоны.
Паводле хакераў, слухалі далёка не ўсіх сілавікоў. Але на высокіх пасадах — многіх.
— Можна сказаць, што амаль усіх (а можа, і ўсіх) начальнікаў у МУС праслухоўвалі і праслухоўваюць. Калі не ДЗАВД, то КДБ, — расказаў «Люстэрку» прадстаўнік «Кіберпартызан». — Але менавіта начальства ці нейкіх асабліва цікавых для іх супрацоўнікаў, пад каго цікава пакапаць. Поўна шараговых супрацоўнікаў, якіх не слухалі. А вось на АМАПе стаіць праслухоўка нават на некаторых шараговых байцах. АМАП ім аж вельмі цікавы.
Глядзіце таксама