У Бярозе проста ў ваенкамаце судзілі 18-гадовага прызыўніка, які не прыйшоў на медагляд па позве. Хлопец патлумачыў, што прычынай гэтага стаў страх перад дактарамі, піша Bereza.by.
У лютым — траўні 2024 года малады чалавек падлягаў прызыву на тэрміновую вайсковую службу. У сакавіку ён атрымаў пад подпіс позву пра неабходнасць прыйсці ў ваенкамат для медагляду, аднак «наўмысна, без паважлівай прычыны ўхіліўся ад гэтых мерапрыемстваў».
На бярозаўчаніна завялі крымінальную справу па ч.1 арт. 435 КК (Ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу). Сам ён патлумачыў, што не прыйшоў у ваенкамат, бо баяўся дактароў.
Суд прызнаў прызыўніка вінаватым і прызначыў штраф у памеры 120 базавых велічынь (4800 рублёў). Прысуд уступіў у законную сілу.