Салігарчанін Аляксандр Гойшык, падарожнік і журналіст-фрылансер, працягвае сваю кругасветку і расказвае пра яе чытачам «Люстэрка». Гэтым разам ён наведаў В’етнам. У новай частцы дзённіка падарожнік дзеліцца ўражаннямі ад краіны з камуністычным вайбам і «найлепшай у свеце» кавай.
«Усюды чырвоныя сцягі з зоркай і серпамолатамі»
Пасля Лаоса В’етнам выглядае нашмат больш развітым і заможным. Улады старанна працуюць над развіццём інфрасктруктуры, турыстычны рух стала расце, і шматлікія замежнікі, асабліва з постсавецкіх краінаў, пераяжджаюць сюды жыць і працаваць. Але ўсё не настолькі ідэальна, як у райскім Тайландзе. Галоўная праблема, пра якую я буду тут чуць пастаянна — карумпаванасць. Не паспеў я нават заехаць у краіну, як ужо пабачыў гэта.
Выезд з Лаоса не заняў шмат часу. Мясцовыя ўкладалі нейкія грошы ў пашпарты перад тым як прасунуць іх у акенца міграцыйнай службы, я ж аддаў пусты пашпарт, і мяне спакойна выпусцілі. А вось на в’етнамскім баку пачалі задаваць шмат пытанняў: пакажы бронь гатэля, колькі наяўных грошай вязеш і гэтак далей. Я ўжо дасведчаны падарожнік, ведаю, да чаго звычайна прыводзяць такія пытанні, таму адразу прыкідваюся шлангам, маўляў, еду да мясцовага сябра, вучыліся разам, ён мяне чакае ў госці, прыехаў сюды на мяжу, каб мяне забраць. Ніякіх наяўных грошай з сабой не вязу, вы што, гэта ж небяспечна! Толькі картка. Можаце патэлефанаваць, паразмаўляць з маім прыяцелем. Адмахнуліся і хутка паставілі пячатку на ўезд.
Каля акенца сядзіць нейкі «грынга» (ці, як тут кажуць, «фаранг») і гучна размаўляе па тэлефоне. Па-англійску з такім моцным славянскім акцэнтам, што становіцца зразумела, што ён з Усходняй Еўропы. Пытаю на інглішы, што сталася, ці магу нечым дапамагчы і адкуль ён. Адказвае, што з Расіі, з’ехаў пасля абвяшчэння мабілізацыі і цяпер жыве ў В’етнаме. Каб заставацца там легальна і не падавацца на дазвол на пражыванне, трэба час ад часу рабіць «візаран» — выязджаць з краіны, каб абнуліць колькасць бязвізавых дзён, і тут жа заязджаць зноў. Вось небарака выехаў, а пускаць назад яго не хочуць, маўляў, праз гэты КПП нельга «візараніць». Нібыта гатовыя пусціць за 100 даляраў, але мой новы знаёмы кажа, што гэта рабаванне, ён ведае тарыфы і больш чым дваццаць не дасць. Яму ўжо скінулі да 50 даляраў, але ён будзе стаяць, пакуль не скінуць да 20. Пажадаў яму ўдачы і пайшоў у В’етнам. Дарога адразу ж стала лепшай, бо ў Лаосе была зусім бяда, нібыта амерыканцы бамбілі літаральна нядаўна.
У В’етнаме кідаецца ў вочы колькасць візуальнай камуністычнай прапаганды: усюды чырвоныя сцягі з зоркай, серпамолаты, білборды з выявамі вялікага правадыра Хо Шы Міна (рэвалюцыянер, першы прэзідэнт Дэмакратычнай Рэспублікі В’етнам. — Заўв. рэд.) і ягонымі мудрымі цытатамі, і нават помнікі! Асабіста мне гэта моцна псавала агульнае ўражанне ад краіны, мой дзед прайшоў сталінскія лагеры, матуля расла дачкой «ворага народа», а бабуля да самай смерці казала, што «саветы — брахуны і жулікі».
Каб не ехаць больш за суткі ў галоўны горад паўднёвага В’етнама Сайгон (новая афіцыйная назва — Хошымін, хаця я не чуў, каб яго так называлі), я вырашыў спыніцца на дзень у невялікім гарадку Контум непадалёк ад лаоскай мяжы.
Мой хост — настаўнік англійскай мовы ў мясцовым універсітэце, які таксама праводзіць прыватныя ўрокі ў сябе дома. Мне вылучылі пакой над невялікім класам. Выкладчык хацеў мяне запрасіць на ўрок, каб дзеці маглі папрактыкавацца ў размове з «белым містарам». Але маленькія в’етнамцы так моцна саромеліся, што літаральна ўпадалі ў ступар, таму з гэтай ідэі, на жаль, нічога не выйшла.
Ды і ў самога настаўніка ўзровень англійскай прымушаў жадаць лепшага, праўду кажучы, асабліва вымаўленне. Таму даводзілася некалькі разоў перапытваць самыя простыя, падавалася б, рэчы. Гэта вельмі папулярная матывацыя — рэгістравацца на каўчсёрфінгу для людзей з усёй Азіі (асабліва той яе часткі, якая не была брытанскай калоніяй) — папрактыкаваць і падцягнуць свой інгліш.
Хост паказаў мне горад, дапамог памяняць грошы (дарэчы, на старых купюрах на 200 донгаў — менш чым адзін цэнт — намаляваны трактар «Беларус») і купіць білет на аўтобус у Сайгон. А ягоная маці карміла нас сапраўдняй хатняй в’етнамскай ежай.
Пасля смачнай вячэры выйшаў пакурыць на ганак… і трапіў на допыт пільных суседзяў! Каля мяне спыніўся нейкі мужычок, які праязджаў міма на байку, і на ламанай англійскай пачаў распытваць, хто я, адкуль і што тут раблю. Маўляў, у гэтай правінцыі замежнікі не могуць спыняцца ў дамах в’етнамцаў, толькі ў гатэлях, дзе іх начлег рэгіструе паліцыя. Гэта нібыта сур’ёзнае парушэнне. Але ён гатовы закрыць вочы, бо я госць настаўніка, якога ўсе тут ведаюць і паважаюць. Тут з дому выйшаў сам настаўнік, нешта сказаў пільнаму суседу, і той хуценька паехаў далей па сваіх справах. Мой хост трохі вінавата ўсміхнуўся, маўляў, не звяртай увагі, усё ў парадку. Але было відаць, што гэтая сітуацыя яму вельмі не спадабалася.
Хлопец нават адвёз мяне на вакзал, адкуль адпраўляўся мой спальны аўтобус да Сайгона. У ім было ўсё значна камфортнейшае, чым у лаоскім: кожнаму асобнае спальнае месца, аддзеленае ад прахода фіранкамі, усяго тры шэрагі ў два ярусы. Адна праблема: гэта ўсё разлічанае на нізкіх азіятаў, а не на мяне з маімі 186 см. Таму давялося трохі паварочацца, перш чым прызвычаіцца. Мой унутраны беларус заўжды дапамагае мне ў падарожжах. Як там кажуць, «спачатку было трохі нязручна, але пасля прывык — а можа, так і трэба». Амаль 14 гадзінаў у дарозе за 15 даляраў, трохі прыватнасці і нават вай-фай працуе калі-нікалі. Можна сказаць, лакшэры! Дарэчы, упершыню ў жыцці бачыў, як у багажнік аўтобуса грузілі матацыкл. У Інданезіі, напрыклад, яго запіхнулі проста ў салон аўтобуса, якім я ехаў амаль двое сутак.
«Палац незалежнасці трохі падобны да такога ж у Мінску»
Сайгон — сучасны мегаполіс, самы вялікі горад В’етнама. Тут цікава пераплятаюцца каланіяльная французская спадчына і мадэрновая архітэктура. Каталіцкая базіліка Нотр-Дам-дэ-Сайгон, прыгожыя будынкі цэнтральнага паштамта, оперы і Хошымін-гарвыканкама поруч з ультрасучаснымі хмарачосамі і традыцыйнымі кірмашамі. Цікавы музей ахвяраў вайны з амерыканцамі (гаворкапра вайну 1957−1975 гадоў, якую в’етнамцы называюць «амерыканскай». У баявыя дзеянні акрамя Паўднёвага і Паўночнага В’етнама былі ўцягнутыя ЗША, КНР і СССР. — Заўв. рэд.), пешаходная вулачка з экзатычнай для нашага вуха назвай Нгуен Хюэ і мясцовы Палац незалежнасці, трохі нават падобны да такога ж у Мінску, — усё гэта стварае прыязную і непаўторную атмасферу Сайгона. Гэта, вядома, не Бангкок, але ўжо далёка не В’енцян (сталіца Лаоса) ці нават Пномпень (сталіца Камбоджы).



Каланіяльны ўплыў захаваўся і ў в’етнамскай вулічнай ежы. Напэўна, самы папулярны стрытфуд на поўдні В’етнама — баньмі (сэндвіч з французскага багета, куды дадаюць мяса і зеляніну). За 40 цэнтаў можна смачна і дасыта паесці. А в’етнамская кава дык увогуле адна з самых смачных у свеце, як на мой густ. Тут яе гатуюць заліваючы кіпнем і прапускаючы праз традыцыйны фільтр, у выніку чаго напой атрымлівае выразны насычаны смак. Таксама вельмі распаўсюджаная ледзяная кава, якая добра асвяжае ў спёку. Я, напрыклад, не ведаў, што В’етнам — другі ў свеце вытворца кавы пасля Бразіліі. Тут з такой павагай ставяцца да гэтага напою, што партыя нават загадала адзначаць нацыянальны Дзень кавы штогод 10 снежня.
У першым на маім шляху в’етнамскім горадзе я не змог падключыць сім-карту: здаецца, ў той правінцыі замежнікам зрабіць гэта даволі складана. Трэба было знайсці офіс мабільнага аператара ў Сайгоне. Пакуль шукаў у інтэрнэце найбліжэйшыя філіялы, мне напісаў хлопец з каўчсёрфінгу, якому я раней дасылаў запыт. Выбачыўся, што не зможа мяне прыняць, бо ў яго нядаўна нарадзілася дзіця. Але ён будзе вельмі рады запрасіць на вячэру, каб паслухаць мае гісторыі з падарожжа. Я адказаў, што з радасцю прыму ягонае запрашэнне, але не ведаю, колькі часу зойме падключэнне сім-карты.
— Табе не трэба нікуды хадзіць і марнаваць час! Мой сябра прадае сім-карты, ён прыедзе да нас на вячэру і ўсё табе падключыць, не хвалюйся!
У выніку ягоны сябра падключыў мне сімку значна танней, чым у офісах мабільнай сувязі, і без ніякай бюракратыі. Такая вось магія вольных падарожжаў! Кожная паслядоўнасць падзеяў правільная, дарога сама вырашыць усе неабходныя пытанні. Які ўжо раз пераконваюся ў гэтым.
Непадалёк ад Сайгона можна пабачыць падземныя тунэлі Куці. Падчас вайны тут быў фарпост камуністычных партызан паўночнага В’етнама. Адсюль яны наносілі эфектыўныя ўдары па амерыканскіх войсках. Тунэлі месціліся на некалькіх узроўнях, мелі патаемныя ўваходы і выхады, жылыя памяшканні, кухні, склады, у іх былі нават шпіталі. Агульная даўжыня складала каля 150 кіламетраў. Уявіце, колькі тытанічнай працы прыклалі людзі, каб незаўважна іх выкапаць ледзь не пад носам у ворага! Падчас цікавай экскурсіі турыстам расказваюць гісторыю партызанскай барацьбы і нават прапануюць самому зайсці ў такі тунэль. А гэта даволі складана для сярэднестатыстычнага еўрапейца, бо капалі іх спецыяльна пад азіяцкую камплекцыю. Адзін хлопец з нашай групы ледзь не захрас у патаемным уваходзе!
Падчас гэтай экскурсіі я пазнаёміўся з чылійцам, які быў вымушаны ўцякаць са сваёй радзімы пасля катаванняў у палітычнай турме (падчас вайсковай дыктатуры, што доўжылася з 1973 да 1990 года. — Заўв. рэд.), у выніку чаго ён амаль аслеп на адно вока. Ён ужо даўно жыве ў Аўстраліі.
Таксама сустрэў іранца, які нарадзіўся ў Канадзе, куды ягоная сям’я ўцякла пасля перамогі ісламскай рэвалюцыі ў 1979 годзе. Я таксама ўжо чатыры гады не быў у Беларусі і не ведаю, калі змагу туды вярнуцца. Зрабілі супольнае фота на памяць: трыа палітычных уцекачоў — чыліец, іранец і беларус.
«Проста на ўзбочыне дарогі можна пастрыгчыся, пагаліцца і нават атрымаць чыстку вушэй»
Вярнуўся ў Сайгон і трапіў у вір народнага святкавання: в’етнамская футбольная зборная перамагла філіпінцаў у адборачным матчы на чэмпіянат свету. У самым цэнтры мегаполіса зрабілі фан-зону з вялізнымі экранамі, куды сцякаліся натоўпы заўзятараў, каб паглядзець матч і пачаставацца бясплатным півам. Тут жа, на суседняй вуліцы, яшчэ адзін натоўп — шмат журналістаў і моладзі, усе крычаць і спрабуюць нешта спяваць. Аказваецца, гэта фанаты нейкай вялікай зоркі К-рор сабраліся каля гатэля, дзе яна жыве.
У В’етнаме ўжо даўно жыве Дзіма Іваноў — лідар гурта «Адыс-Абеба», сапраўднай легенды беларускага рэгі. Я вырас на ягоных песнях, таму хацеў пазнаёміцца ўжывую. Напісаў Дзіму ў Facebook пра сваё падарожжа, ён хутка адказаў і запрасіў мяне ў госці. Мы выдатна бавілі час, я нават трапіў на рэпетыцыю новай песні! Зрабіў дранікі, а Дзіма ўдасканаліў мой рэцэпт і навучыў, як вельмі проста рабіць мачанку да іх. Атрымаліся сапраўды незабыўныя беларускія выходныя. Беларусы — галоўны скарб любой краіны!



Насупраць Дзімавага дома ўдзень працаваў вулічны барбершоп, дзе проста на ўзбочыне дарогі можна пастрыгчыся, пагаліцца і нават атрымаць традыцыйную в’етнамскую паслугу — чыстку вушэй! І гэта ўсё менш чым за даляр. «Жывеш у Рыме — жыві як рымлянін!» — гэтага правіла я заўжды стараюся прытрымлівацца ў сваіх падарожжах. Таму, вядома, скарыстаўся магчымасцю паспрабаваць усё згаданае. Я, вядома, быў у шоку, колькі ўсяго дастаў з маіх вушэй вулічны майстар з дапамогай спецыяльных інструментаў!
Яшчэ заўважыў цікавую адметнасць: машына ў В’етнаме — сапраўдная раскоша. Нібыта яны тут вельмі дарагія, таму іх вельмі берагуць і даволі часта накрываюць такімі паўчахламі. Тыя прыкрываюць толькі ніжнюю частку аўто, зберагаючы яго ад драпінаў. А таксама каб бяздомныя сабакі не мачыліся на колы, што, паводле мясцовых вераванняў, дрэнная прыкмета.
Затое тут вельмі танныя мапеды і матацыклы, гэта сапраўдныя каралі в’етнамскіх дарог. Свой мапед ёсць, напэўна, у кожнага в’етнамца. Мотатаксі танныя і хуткія, гэта самы зручны спосаб перасоўвацца па гарадах і мястэчках.
Таксама гэта даволі папулярны спосаб вандраваць па В’етнаме — купіць сабе «жалезнага каня», праехаць на ім з поўначы на поўдзень (гэта больш чым паўтары тысячы кіламетраў) і пасля яго прадаць. Так, напрыклад, зрабіў Мікіта, беларускі падарожнік, якога я сустрэў у Лаосе. Я ж вандраваў у асноўным аўтобусамі, якія тут даволі танныя і камфортныя. Білеты на іх набываюцца за два клікі ў праграме 12go.asia. Ехаў з поўдня на поўнач, у кірунку Кітая. Пра мае прыгоды ў Паўночным В’етнаме раскажу ў наступнай серыі гэтых падарожных нататак.
Чытайце таксама


