Суд у Мінску 4 кастрычніка вынес прысуд 12 абвінавачаным па справе пра атаку на расійскі самалёт А-50 на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах, паведамляе Генпракуратура.
Фігуранты атрымалі ад 15 да 25 гадоў пазбаўлення волі.
Па справе праходзілі 12 абвінавачаных: Максім Лапацін, Андрэй Сцяпурка, Алег Сычоў, Дзяніс Сакалоў, Аляксандр Азараў, Яўгенія Тачыцкая, Міхаіл Дзёмін, Сяргей Лапароў, Анастасія Пілько, Віталь Якуцік, Ала Яцута і Мікалай Швец.
Швец — грамадзянін Украіны, яго ў чэрвені вярнулі на радзіму ў рамках абмену. Ён быў названы выканаўцам акту тэрарызму і атрымаў 25 гадоў пазбаўлення волі. Іншым удзельнікам гэтага акту далі ад 15 да 25 гадоў пазбаўлення волі, а астатнім абвінавачаным прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад двух гадоў трох месяцаў да 15 гадоў.
У прыватнасці, Швец, Азараў, Якуцік і Дзёмін былі прызнаныя вінаватымі па ч. 3 арт. 289 (Акт тэрарызму), ч. 4 арт. 309 КК (Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць сродку паветранага транспарту).
Азараў, Дзёмін, Якуцік, Сакалоў, Тачыцкая, Лапароў і Лапацін былі прызнаныя вінаватымі па ч. 1 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве).
Акрамя таго, Швец, Яцута і Сычоў былі прызнаныя судом вінаватымі па арт. 358−1 КК (Агентурная дзейнасць).
Таксама Швяца прызналі вінаватым яшчэ па ч. 4 арт. 295 (Праходжанне навучання і іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці) і арт. 290−3 КК (Незаконны абарот выбуховых рэчываў і выбуховых прыладаў).
Адзначаецца таксама, што суд прызнаў даказанай віну абвінавачаных Якуціка, Сакалова, Сцяпуркі, Пілько, Лапаціна, Тачыцкай, Лапарова і Сычова па арт. 290−1, арт. 361−2 КК (Фінансаванне тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама па ч. 3 арт. 361−1 КК (Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) і яшчэ па ч. 1 арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) у розных спалучэннях.
Прысуд не ўступіў у законную сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Што адбылося на аэрадроме ў Мачулішчах з самалётам А-50?
Раніцай 26 лютага 2023 года ў ваколіцах вайсковага аэрадрома 50-й змяшанай базы Вайскова-паветраных сіл Беларусі ў Мачулішчах (Мінскі раён) мясцовыя жыхары пачулі некалькі выбухаў. Як заявіў BYPOL, яны сталі вынікам атакі дрона «беларускіх партызан» на расійскі вайсковы самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛВ) А-50. Аляксандр Азараў абвясціў, што самалёт, які ўдзельнічаў у карэктаванні расійскіх ракетных удараў па тэрыторыі Украіны, быў пашкоджаны.
Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» 2 сакавіка паведаміў, што борт пакінуў паветраную прастору Беларусі і, «паводле папярэдняй інфармацыі», адправіўся на рамонт у Таганрог. Як высветліла «Люстэрка» 3 сакавіка, самалёт прыбыў на рамонт на 325-ы Авіяцыйны рамонтны завод, які ўваходзіць у склад Таганрогскага авіяцыйнага навукова-тэхнічнага комплексу імя Берыева. З таго часу, наколькі вядома, судна так і не вярнулася ў Беларусь.
7 сакавіка Лукашэнка пацвердзіў, што самалёт знаходзіцца ў Расіі, а таксама сам факт атакі ў Мачулішчах. У гэты ж дзень улады паведамілі, што па гэтай справе затрыманы, як сцвярджалася, грамадзянін Украіны Мікалай Швец, якога назвалі выканаўцам дыверсіі. Пазней дзяржтэлеканалы выпусцілі пра яго «расследаванне». На момант дыверсіі мужчына месяц жыў у Мінску.
КДБ распачаў крымінальную справу па факце «спробы здзяйснення акту тэрарызму» ў Мачулішчах. Сілавікі затрымалі па ёй больш за 20 чалавек. Азараў жа ў сакавіку сцвярджаў, што ніхто з удзельнікаў дыверсіі не затрыманы. У КДБ таксама заявілі, што выявілі «непасрэднае дачыненне да арганізацыі тэракту аператыўнага складу і кіраўніцтва Службы бяспекі Украіны».
Толькі ў ліпені Аляксандр Азараў прызнаў, што падрыў самалёта быў «сумеснай аперацыяй BYPOL і СБУ».
У канцы сакавіка 2024 года кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Малюк прызнаў датычнасць ведамства да атакі на расійскі самалёт А-50, які знаходзіўся на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах.
Чытайце таксама