Буйны адукацыйны цэнтр «Лідар» ужо месяц як не працуе, піша «Еўрарадыё».
«Адукацыйны цэнтр „Лідар“ прыпыніў пакуль сваю дзейнасць, таму, на жаль, мы не можам вам прапанаваць нашыя паслугі, якія былі да гэтага часу», — сказаў суразмоўца з кампаніі журналісту.
Паводле яго, гэтае рашэнне прынятае «вышэйшым кіраўніцтвам», але яго прычына невядомая. Хутчэй за ўсё, цэнтр больш не адновіць сваю працу.
Тым не менш у «Картатэцы» таварыства з абмежаванай адказнасцю «Мая маці», пад эгідай якога дзейнічаў цэнтр, арганізацыя ўсё яшчэ адзначаная як дзейная.
Апошні пост у Instagram «Лідара» датуецца 2 верасня, калі цэнтр прапаноўваў зніжкі на курсы. У жніўні таксама набіраліся групы для навучання.
Адзін з найбуйнейшых адукацыйных цэнтраў у Беларусі
Адукацыйны цэнтр «Лідар» існуе з 1999 года, там былі вучні з 27 гарадоў Беларусі. Згодна з законам, дзейнасць, звязаная з курсамі для дарослых, не патрабуе ліцэнзіі Міністэрства адукацыі.
Курсы цэнтра афіцыйна прызнавалі курсамі № 1 у Беларусі ў 2015, 2016, 2017, 2018, 2019, 2020 гадах па выніках фестывалю-конкурсу «Выбар года». У «Лідара» ёсць і шэраг іншых прэмій.
У цэнтры можна было прайсці падрыхтоўку па больш чым 230 праграмах навучання.
«У нас прайшло навучанне больш за 70 000 чалавек, больш за 1000 кампаній даверыла нам падрыхтоўку сваіх спецыялістаў», — напісана на сайце «Лідара».
Нагадаем, 17 кастрычніка падаў на ліквідацыю навучальны цэнтр «Адукацыйныя тэхналогіі», вядомы пад брэндам Streamline Language School. Пра гэта паведаміў Альянс расследавальнікаў Беларусі са спасылкай на запіс у Адзіным дзяржрэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Выданне сцвярджала, што рашэнне пра ліквідацыю было прынятае пасля праверкі, якую арганізаваў Дэпартамент фінрасследаванняў Камітэта дзяржкантролю.
«У пачатку кастрычніка ў офіс прыехаў ДФР з ператрусам, пасля чаго адключылі ўнутраныя серверы, платформу для кіравання бізнесам з усімі інструментамі і рэсурсамі. Таксама былі заблакаваныя рахункі. Выкладчыкам не змаглі выплаціць заробак, а студэнты — аплаціць навучанне», — пісаў Альянс расследавальнікаў Беларусі.
Напярэдадні школа замежных моваў Streamline пацвердзіла, што спыняе сваю дзейнасць. Яе заснавальнік і дырэктар Эдуард Цалюк паведаміў, што рахункі цэнтра былі заблакаваныя з 3 кастрычніка і з таго часу любыя разлікі сталі немагчымыя, вярнуць кліентам грошы таксама не атрымліваецца.