У Гродне за «здраду дзяржаве» судзілі 21-гадовага курсанта Акадэміі МУС Іллю Нарышкіна. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».
Прысуд хлопцу абвясцілі яшчэ 14 жніўня, але вядома пра яго стала толькі цяпер. Іллю Нарышкіну інкрымінавалі ч. 1 арт. 361−1 (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка ці падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу) і ч. 2 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве).
Крымінальная справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Суддзя Іллю Нарышкіна прызнаў вінаватым і прызначыў яму 15 гадоў пазбаўлення волі. Яго таксама абавязалі выплаціць 600 базавых велічынь (24 тысячы рублёў) штрафу.
Ілля нарадзіўся ў Слоніме, частку дзяцінства правёў у Гродне. Яго бацька — украінец, родам з Крывога Рога. Яшчэ за савецкім часам ён скончыў авіяцыйнае вучылішча і працаваў інжынерам-механікам у розных кутках СССР. З мамай абвінавачанага яны даўно не жывуць разам.
Пасля школы Ілля Нарышкін паступіў у Акадэмію МУС. Ён вучыўся на трэцім курсе крымінальна-выканаўчага факультэта.
«Вядома, што падчас навучання ён жыў актыўным жыццём: выступаў у конкурсах і ўдзельнічаў у інтэлектуальнай гульні „Вежа“. Апошнія публічныя звесткі пра яго датуюцца сакавіком 2023 года. Магчыма, 21-гадовы Ілля Нарышкін хацеў далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Па артыкулах, якія яму інкрымінаваныя, апошнім часам часцей за ўсё судзілі людзей, якія збіраліся паехаць ваяваць на баку Украіны. Некаторыя з іх перапісваліся са створанымі спецслужбамі фэйкавымі ботамі палка Каліноўскага», — паведамілі ў «Вясне».