Міністэрства абароны Расіі заявіла пра паспяховае наступленне ў Запарожскай вобласці і захоп Кляшчэеўкі ў Данецкай вобласці. Украінскі Генштаб паведаміў, што Кляшчэеўка падверглася абстрэлу. У Інстытуце па вывучэнні вайны назвалі магчымыя тэрміны новага расійскага наступу на Украіну з тэрыторыі Беларусі.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 331-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Расія рыхтуе ў Крыме прыхаваную мабілізацыю
Асноўныя намаганні расійскія войскі канцэнтруюць на вядзенні наступлення на Бахмуцкім і Аўдзееўскім напрамках. На Купянскім, Ліманскім, Навапаўлаўскім і Херсонскім — абараняюцца, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— За мінулыя суткі расіяне нанеслі дзевяць ракетных і 23 авіяцыйныя ўдары, правялі больш за 80 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. На ўсёй тэрыторыі Украіны захоўваецца павышаная пагроза авіяцыйных і ракетных удараў па цывільных аб’ектах.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках з артылерыі абстраляныя 11 населеных пунктаў; на Купянскім — 10; на Ліманскім напрамку расіяне з усіх наяўных агнявых сродкаў абстралялі раёны шасці населеных пунктаў і Серабранскае лясніцтва; на Бахмуцкім напрамку агнявому паражэнню падвергліся 10 населеных пунктаў, у тым ліку Кляшчэеўка; на Аўдзееўскім напрамку пад агонь трапілі восем населеных пунктаў; на Навапаўлаўскім — пяць; на Запарожскім напрамку ад танкавага, мінамётнага і артылерыйскага агню пацярпелі больш за 20 населеных пунктаў; на Херсонскім напрамку абстраляныя дзесяць населеных пунктаў.
— За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае і Белагораўка Луганскай вобласці; Верхнякаменскяе, Чырвонапапоўка, Салядар, Чырвоная Гара, Параскавіеўка, Бахмут, Іванаўскае, Дзіліеўка, Вадзяное, Мар'інка, Перамога, Навасёлка Данецкай вобласці і Малая Такмачка і Стэпавае ў Запарожжы.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 21 удар па раёнах канцэнтрацыі праціўніка і сем — па пазіцыях яго зенітна-ракетных комплексаў. Таксама ўкраінскія вайскоўцы знішчылі тры БПЛА тыпу «Ланцэт-3».
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі Сіл абароны Украіны нанеслі ўдары па шасці пунктах кіравання, васьмі раёнах канцэнтрацыі расійскіх сіл і складзе боепрыпасаў.
У Генштабе заявілі, што ў акупаваным Крыме Расія рыхтуецца да прыхаванай мабілізацыі. У прыватнасці, у горадзе Севастопаль выклікі ў ваенныя камісарыяты пачалі паступаць IT-спецыялістам, фінансавым работнікам і іншым спецыялістам, якія мелі бронь.
У акупаванай Луганскай вобласці для лячэння параненых вайскоўцаў выкарыстоўваюць цывільныя ўстановы аховы здароўя. Так, у Навапскове Старабельскага раёна «палявы шпіталь» разгарнулі ў памяшканні мясцовай радзільні, там цяпер праходзяць лячэнне больш за 300 вайскоўцаў і наймітаў з ПВК Вагнера.

Мінабароны РФ: наступаем на Данецкім і Запарожскім напрамках
Расійскае ваеннае ведамства заяўляе пра захоп двух населеных пунктаў — у Данецкай і Запарожскай абласцях.
— На Купянскім напрамку ваенная авіяцыя і артылерыя Заходняй ваеннай акругі нанесла агнявое паражэнне падраздзяленням 14-й і 92-й механізаваных брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Цімкаўка, Табаеўка і Бераставое Харкаўскай вобласці. Знішчаныя да 30 украінскіх вайскоўцаў, баявая браніраваная машына, два пікапы, а таксама дзве гаўбіцы Д-20 і Д-30.
-На Чырвона-Ліманскім напрамку артылерыя Цэнтральнай ваеннай акругі нанесла паражэнне падраздзяленням 92-й і 66-й механізаваных брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Стальмахоўка і Макееўка Луганскай вобласці, а таксама 95-й дэсантна-штурмавой брыгады УСУ ў раёне Серабранскага лясніцтва. У раёне населенага пункта Чырвоны Ліман Данецкай вобласці знішчаны склад артылерыйскіх боепрыпасаў. Страты УСУ за суткі на гэтым напрамку склалі звыш 40 вайскоўцаў, дзве баявыя машыны пяхоты, чатыры баявыя браніраваныя машыны і гаўбіцу Д-20.
— На Данецкім напрамку добраахвотнікі штурмавых атрадаў пры агнявой падтрымцы аператыўна-тактычнай і армейскай авіяцыі, ракетных войскаў і артылерыі Паўднёвай ваеннай акругі захапілі населены пункт Кляшчэеўка Данецкай вобласці. У раёне населенага пункта Званаўка Данецкай вобласці знішчаны склад рэактыўных снарадаў да сістэм залпавага агню УСУ. Акрамя таго, за суткі знішчаныя: да 60 вайскоўцаў УСУ, тры баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі, дзве самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Гваздзік», а таксама гаўбіцы «Гіяцынт-Б» і Д-20.
— На Запарожскім напрамку ў выніку наступальных дзеянняў падраздзяленняў Усходняй ваеннай акругі захоплены населены пункт Лабковае Запарожскай вобласці. У раёне населенага пункта Каменскае Запарожскай вобласці знішчаны ангар з узбраеннем і ваеннай тэхнікай УСУ. У раёне населенага пункта Малая Такмачка Запарожскай вобласці знішчаная радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/ТPQ-37. Агульныя страты УСУ за суткі склалі да 90 вайскоўцаў забітымі і параненымі, чатыры баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, самаходную гаўбіцу «Акацыя», а таксама дзве гаўбіцы Д-20 і Д-30.
— На Херсонскім напрамку падчас контрбатарэйнай барацьбы знішчаная на агнявой пазіцыі самаходная артылерыйская ўстаноўка М109 Paladin, а таксама дзве гаўбіцы: Д-30 і «Мста-Б».
Усяго за суткі, паводле МА РФ, аператыўна-тактычнай авіяцыяй, ракетнымі войскамі і артылерыяй УС РФ нанесенае паражэнне 78 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 103 раёнах. Збітыя два верталёты Мі-8 паветраных сіл Украіны і пяць беспілотных лётных апаратаў. Перахопленыя шэсць рэактыўных снарадаў сістэм залпавага агню HIMARS і «Ураган» у раёнах населеных пунктаў Мірнае і Любімаўка Запарожскай вобласці.
Інстытут па вывучэнні вайны: Лукашэнка працягвае балансаваць
У свежай зводцы Амерыканскага інстытута па вывучэнні вайны (ISW) аналізуецца імавернасць новага нападу РФ на Украіну з Беларусі. На думку экспертаў, малаімаверна, што гэта адбудзецца ў пачатку года.
У ISW адзначаюць, што высокапастаўленыя крамлёўскія чыноўнікі працягваюць праводзіць сустрэчы з кіраўніцтвам Беларусі: гэтая «дзейнасць можа стварыць умовы для нападу Расіі на Украіну з Беларусі, хоць і неабавязкова і не ў найбліжэйшыя тыдні». У сувязі з гэтым яны згадваюць тэлефонную размову Шайгу і Хрэніна, якая адбылася 19 студзеня, а таксама сустрэчу Лаўрова з Лукашэнкам у Мінску.
У Інстытуце лічаць, што «найбольш небяспечны план дзеянняў новага нападу Расіі на Украіну з Беларусі ў пачатку 2023 года здаецца менш імаверным», а вось у канцы 2023 года такі сцэнар развіцця падзей магчымы, улічваючы нядаўнія паведамленні ўкраінскай разведкі пра тое, што Расія і Беларусь плануюць правесці буйныя вучэнні («Захад-2023» і «Саюзны шчыт — 2023»), імаверна, у верасні 2023 года.
Эксперты адзначаюць, што Расія да таго часу завершыць падрыхтоўку прызыўнікоў восені 2022 года, а войска папоўніцца прызыўнікамі вясны 2023 года, цалкам магчымыя і дадатковыя наборы рэзервістаў. За гэты час ваенная прамысловасць РФ зможа падрыхтавацца і забяспечыць большую частку неабходнай тэхнікі для аднаўлення ўварвання з Беларусі, чым можа даць гэтай зімой.
Між тым Лукашэнка працягвае балансаваць, малюючы Беларусь як суверэнную дзяржаву ў складзе Саюзнай дзяржавы. Гэтая рыторыка адпавядае яго даўнім спробам пазбегнуць перадачы беларускага суверэнітэту даміноўнаму Крамлю, адзначаюць у ISW.
Сам Крэмль актывізуе сваю інфармацыйную аперацыю па распаўсюдзе ілжывай версіі пра тое, што вайна выйдзе «на новы якасны ўзровень, што не пойдзе на карысць глабальнай і агульнаеўрапейскай бяспецы», калі Захад перадасць Украіне зброю, здольную нанесці ўдар па расійскіх войсках у акупаваным Крыме. У Інстытуце адзначаюць, што гэтыя пагрозы «не адпавядаюць рэальным магчымасцям Расіі па эскалацыі супраць Захаду». ISW нагадвае, што такія пагрозы гучалі і раней і, імаверна, будуць гучаць і ў будучыні. Расійскія сілы ў іх цяперашнім стане не здольныя праводзіць паспяховыя звычайныя баявыя дзеянні супраць Захаду і NATO, лічаць у ISW: «Расія сур’ёзна аслабіла сваю ваенную пазіцыю, перакінуўшы вайсковыя часткі і тэхніку, уключаючы сістэмы СПА, далей ад NATO ва Украіну, і зазнаўшы там жахлівыя страты ў жывой сіле і тэхніцы».
Аналізуючы новыя пагрозы Дзмітрыя Мядзведзева, які заявіў, што «пройгрыш ядзернай дзяржавы ў звычайнай вайне можа справакаваць пачатак ядзернай вайны», эксперты кажуць, што «Крэмль наўрад ці выкарыстае ядзерную зброю ва Украіне, і вельмі малаімаверна, што выкарыстае яе супраць Захаду». А мэта такой рыторыкі — запалохаць і ўтрымаць Захад ад далейшай ваеннай дапамогі Украіне.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- Уладзімір Пуцін, намагаючыся зменшыць уплыў Яўгена Прыгожына ў РФ, усё часцей становіцца на бок яго праціўнікаў;
- Прыгожын працягвае заяўляць пра тактычныя поспехі сваёй ПВК, каб умацаваць сваё становішча і зменшыць уплыў Мінабароны Расіі ў інфармацыйнай прасторы;
- кіраўнік Генштаба Расіі і камандуючы групоўкай РФ ва Украіне Валерый Герасімаў заявіў, што ПВК Вагнера не ўваходзіць у структуру Узброеных сіл Расіі і што расійскія вайскоўцы не супрацоўнічаюць з вагнераўцамі, нягледзячы на шматлікія доказы адваротнага;
- украінскія сілы працягвалі контрнаступальныя аперацыі ў раёне Сватава, а расійскія войскі праводзілі абмежаваныя контратакі ў раёне Крамянной;
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што расійскія войскі захапілі Кляшчэеўку падчас расійскіх наступальных аперацый вакол Салядара, Бахмута і Аўдзееўкі;
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што расійскія войскі вялі лакальныя наступальныя аперацыі ў Запарожскай вобласці;
- паведамляецца, што расійскія афіцыйныя асобы працягваюць рыхтавацца да другой хвалі мабілізацыі;
- украінскія партызаны маглі падарваць самаробную выбуховую прыладу ў Запарожскай вобласці.