Федэральны ўрад Германіі прыняў рашэнне перадаць Узброеным сілам Украіны танкі Leopard 2. Пра гэта заявіў прадстаўнік германскага ўрада Штефэн Гебештрайт.
Як адзначылі ва ўрадзе, у якасці першага кроку Германія адправіць Украіне 14 танкаў Leopard 2 A6 з запасаў Бундэсвера. Дазвол на перадачу танкаў таксама будзе выдадзены іншым еўрапейскім краінам. Мэта — хутка сабраць два батальёны «Леапардаў».
У Германіі будзе аператыўна арганізаванае навучанне ўкраінскіх экіпажаў. Пакет дапамогі таксама будзе ўключаць лагістыку, боепрыпасы і тэхнічнае абслугоўванне.
Размовы пра перадачу танкаў Leopard Украіне вядуцца з лета мінулага года. Нерашучасць Германіі выклікала рэзкую крытыку як унутры краіны, так і з боку іншых краін кааліцыі. Пра гатоўнасць перадаць нямецкія танкі Украіне заяўлялі Польшча і Іспанія.
«Я таксама заклікаю нямецкі бок далучыцца да кааліцыі краін, якія падтрымліваюць Украіну танкамі Leopard 2. Гэта нашая агульная справа, бо гаворка ідзе пра бяспеку ўсёй Еўропы», — звярнуўся напярэдадні да нямецкага ўрада міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак.