Сёння, 20 лютага, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн наведаў Кіеў. Пра візіт загадзя не паведамлялася, а ў Маскве і ў Мінску без дакладных указанняў зверху не ведалі, як рэагаваць. Таму ў Расіі традыцыйна пагражалі і спрабавалі дэвальваваць значнасць візіту, у Беларусі — традыцыйна хамілі. Сабралі першыя каментары прадстаўнікоў Расіі і Беларусі.
Як рэагавалі ў Расіі, пакуль не падвезлі метадычкі
Вашынгтон правёў «базавую камунікацыю» з Масквой, каб пераканацца, што падчас візіту прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў Кіеў не адбудзецца канфліктных сітуацый, паведаміла Associated Press са спасылкай на Белы дом.
Тым не менш візіт Байдэна ў Кіеў для многіх у Расіі стаў нечаканасцю. Самай паказальнай стала рэакцыя Дзмітрыя Смірнова, карэспандэнта «Камсамольскай праўды», які ўваходзіць у пул журналістаў пры прэзідэнце Расіі Уладзіміру Пуціне.
«Напэўна, трэба па трывозе падняць МіГі-31 з „Кінжаламі“ з беларускага аэрадрома Мачулішчы?» — задаўся ён пытаннем.
Супакоім Дзмітрыя Смірнова. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», МіГ-31К ВКС РФ знаходзіўся ў паветранай прасторы Беларусі ў гэты час, а ў Кіеве праз гэта абвясцілі паветраную трывогу, што візіту амерыканскага прэзідэнта не перашкодзіла.
Не менш паказальнай была рэакцыя афіцыйнай прадстаўніцы МЗС Расіі Марыі Захаравай. У сваім тэлеграм-канале яна апублікавала першую фатаграфію Байдэна і Зяленскага ў Кіеве на фоне Міхайлаўскага сабора з выявай святых, падпісаўшы яе: «Хто ж з іх праваслаўны?»
Потым Марыя Захарава нагадала «пра лёсы амерыканскіх праектаў» — Міхаіла Саакашвілі і Хуана Гуйадо.
«Разглядаючы сённяшнія кадры Байдэна з яго падапечным Зяленскім з Кіева, не забывайце пра лёс усіх папярэдніх амерыканскіх праектаў», — напісала яна.
Пазней у Расіі ачомаліся ад нечаканага візіту, і ў ход пайшлі «каментары экспертаў». Прычым каментавалі паездку амерыканскага прэзідэнта ва Украіну далёка не самыя вядомыя з іх.
Напрыклад, сенатар РФ ад анексаванага Крыма Сяргей Цэкаў лічыць, што візіт амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна ў Кіеў не будзе мець наступстваў у палітыцы.
«Візіт Байдэна не будзе мець палітычных наступстваў і не адаб’ецца на ходзе спецаперацыі Расіі. Захад проста ўлівае пэўную надзею ва ўкраінскае кіраўніцтва, каб працягваўся ўзброены канфлікт», — сказаў расійскі сенатар, дадаўшы, што Байдэн як «хлопец-зух у 80 гадоў вырашыў прадэманстраваць маладое выхвалянне».
Дэпутатка Дзярждумы РФ Святлана Журава дапусціла, што Байдэн прыехаў у Кіеў для абмеркавання мірных перамоваў.
«Мяркуючы па рыторыцы, Кіеў хоча, каб ім санкцыянавалі напад на Крым. Я так разумею, што ЗША на гэта не даюць сваёй згоды. Яны могуць гэта абмяркоўваць. Магчыма, Байдэн закліча да мірных перамоваў нейкім чынам. Горшы варыянт, наадварот, агучыць пра маштабную фінансавую і ваенную дапамогу», — выказала здагадку расійская дэпутатка.
Самым канкрэтным у каментарах для расійскіх СМІ быў кіраўнік Цэнтра рэгіянальных аспектаў ваеннай палітыкі ЗША Інстытута ЗША і Канады РАН Уладзімір Бацюк, які заявіў, што візіт Байдэна ў Кіеў наўрад ці неяк адаб’ецца на расійска-амерыканскіх адносінах: «Іх ужо больш няма, так што гэта ніяк не можа адбіцца».
Беларусь — хамства дзяржСМІ і, вядома, Гайдукевіч
Беларускіх прапагандыстаў, мяркуючы з усяго, да глыбіні душы абразіла тое, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн адправіўся ў Кіеў і не скарыстаўся магчымасцю, якую яму даў Аляксандр Лукашэнка, запрасіўшы ў Мінск для мірных перамоваў па Украіне. Магчыма, менавіта гэтым яны апраўдваюць адсутнасць не толькі нейкіх журналісцкіх стандартаў, але і элементарных манераў.
«Самаходнага цуд-дзеда прывезлі ў Кіеў. Хахлы і змагары скачуць перамогу. У чым яна заключаецца — вядома толькі гэтым бесталковым куколдам», — напісаў адзін з вядоўцаў СТБ Рыгор Азаронак.
Пастараліся не адстаць ад Азаронка і на тэлеканале «Беларусь 1».
«Байдэн у Кіеве ўсяго некалькі гадзін, але ўжо паспеў заблукаць, пагуляць з навушнікамі падчас прэс-канферэнцыі і неяк няёмка пагладзіць Зяленскага па плячы», — менавіта ў такіх выразах каментавалі яны візіт амерыканскага прэзідэнта ва Украіну.
Сітуацыю выратаваў дэпутат Алег Гайдукевіч, якому заўсёды ёсць што сказаць — з любой нагоды.
«Прыляцеў Байдэн у Кіеў, і ніводнай заявы пра мір ім зроблена не было. Калі б Байдэн хацеў міру сёння ў Кіеве, ён бы, прыляцеўшы і сустрэўшыся з Зяленскім, сказаў: заўтра ці нават сёння павінныя пачацца перамовы. Хопіць гінуць украінцам. Колькі за гэты год загінула украінцаў дзеля таго, каб інтарэсы Амерыкі былі вышэйшыя за ўсё ў свеце? Але што ж мы пачулі ад яго? Мы — малайцы, мы пастаўляем зброю. Мы працягнем яе пастаўляць. А другое, што ён кажа Зяленскаму? Ён дае яму каманду фактычна, паказваючы, што Зяленскі — несамастойны прэзідэнт. Працягвай вайну да апошняга ўкраінца. Ён так фактычна і кажа. А далей ён кажа Еўропе як гаспадар Еўрапейскага саюза. Дзе самастойнасць Еўропы? Яны мусілі ўжо яго выкінуць за шкірку з Кіева і з Варшавы ў тым ліку. Таму што ён хоча, каб уся Еўропа гарэла», — сказаў ён.
І вядома ж, не абышлося без паўтарэння тэзіса «калі б лідары слухалі Аляксандра Лукашэнку — быў бы мір».