У Мінабароны Расіі заявілі пра збіты ўкраінскі Су-24 і 15 беспілотных лётных апаратаў. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што расійскія вайскоўцы пачалі эвакуяваць сваякоў з Крыма. У амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны расказалі пра мэты інфармацыйных аперацый Крамля і як ён выкарыстоўвае ў іх Лукашэнку.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 371-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: за суткі адбілі больш за 85 атак праціўніка
На Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках за мінулыя суткі ўкраінскія сілы адбілі больш за 85 атак праціўніка. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Расійскія войскі нанеслі два ракетныя і 12 авіяцыйных удараў, уключаючы выкарыстанне двух беспілотнікаў «Шахед-136» (яны былі збітыя), правялі 68 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пацярпела цывільнае насельніцтва.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках пад абстрэл трапілі 25 населеных пунктаў.
— На Купянскім і Ліманскім напрамках расіяне вялі наступальныя дзеянні ў раёнах населеных пунктаў Макееўка, Неўскае, Чырвонапапоўка, Шыпілаўка і Белагораўка Луганскай вобласці, аднак поспеху не мелі. З артылерыі абстралялі раёны 16 населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку праціўнік працягвае весці наступ і штурмаваць Бахмут. Сілы абароны адбілі атакі ў раёнах Арэхава-Васільеўкі, Дубова-Васільеўкі, Багданаўкі, Бахмута, Часавога Яра і Белай Гары. Варожым абстрэлам падвергліся дзевяць населеных пунктаў.
— На Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках расійскія войскі працягваюць атакаваць украінскія пазіцыі. Правялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў напрамку населеных пунктаў Каменка, Аўдзееўка, Вадзяное, Першамайскае, Невельскае, Мар'інка і Перамога. Абстралялі раёны 14 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія сілы вядуць абарону, на асобных участках спрабуюць стварыць умовы для пераходу ў наступленне. З артылерыі абстралялі раёны 19 населеных пунктаў і горад Херсон.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 11 удараў па раёнах канцэнтрацыі праціўніка.
— Ракетныя войскі і артылерыя нанеслі ўдары па дзевяці раёнах канцэнтрацыі жывой сілы і раёне канцэнтрацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка, а таксама па дзвюх пазіцыях зенітна-ракетных комплексаў, станцыі РЭБ і складзе боепрыпасаў.
У Генштабе таксама заяўляюць, што апошнім часам вайскоўцы расійскай арміі, якія дыслакуюцца ў крымскай вёсцы Перавальнае, адпраўляюць свае сем'і ў Расію.
Мінабароны РФ: знішчылі тры дыверсійна-разведвальныя групы УСУ
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ў раёне населенага пункта Шчурава Данецкай вобласці нанеслі ўдар «па пункце часовай дыслакацыі баевікоў нацыяналістычнага фарміравання».
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм Заходняй групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Двурэчная і Сінькоўка Харкаўскай вобласці. Акрамя таго, у раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае Луганскай вобласці і Цімкаўка Харкаўскай вобласці знішчаныя тры дыверсійна-разведвальныя групы УСУ. Страты УСУ за суткі на гэтым напрамку склалі да 90 вайскоўцаў, тры пікапы, а таксама гаўбіца Д-30.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку падраздзяленні і артылерыя групоўкі войскаў «Цэнтр» нанеслі паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Стальмахоўка, Чырвонапапоўка Луганскай вобласці і Ямполаўка Данецкай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя звыш 150 украінскіх вайскоўцаў, чатыры баявыя браніраваныя машыны, а таксама гаўбіцы «Мста-Б» і Д-30.
— На Данецкім напрамку падчас актыўных дзеянняў падраздзяленняў і агню артылерыі Паўднёвай групоўкі войскаў за суткі знішчаныя да 190 вайскоўцаў УСУ, дзве баявыя браніраваныя машыны, 16 аўтамабіляў, а таксама гаўбіцы Д-20 і Д-30. У раёне населенага пункта Ачарэціна знішчаны склад боепрыпасаў 110-й механізаванай брыгады, а ў раёне населенага пункта Навасёлаўка Першая Данецкай вобласці пабітая база захоўвання паліва 36-й брыгады марской пяхоты УСУ.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках артылерыя групоўкі войскаў «Усход» нанесла агнявое паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар, Нікольскае Данецкай вобласці, Чырвонае, Новаданілаўка і Шчарбакі Запарожскай вобласці. Страты ВСУ за суткі на гэтых напрамках склалі да 80 вайскоўцаў, адзін танк, чатыры баявыя браніраваныя машыны і гаўбіца Д-30.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агню артылерыі за дзень знішчаныя да 85 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, тры баявыя браніраваныя машыны, 12 аўтамабіляў, дзве самаходныя гаўбіцы «Акацыя». Акрамя таго, знішчаны склад боепрыпасаў 123-й брыгады тэрытарыяльнай абароны ў раёне населенага пункта Аляксандраўка Херсонскай вобласці.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 97 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 173 раёнах. У паветраным баі збіты самалёт Су-24 Паветраных сіл Украіны, сродкамі СПА знішчаныя 15 беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: РФ актывізуе інфармацыйныя аперацыі
У свежай зводцы амерыканскага інстытута адзначаецца, што Расія, падобна, актывізуе свае інфармацыйныя аперацыі, каб адцягнуць увагу ад адсутнасці адчувальных поспехаў на полі бою і запаволіць адпраўку заходніх танкаў і іншай дапамогі Украіне напярэдадні чаканых контрнаступленняў УСУ.
28 лютага Мінабароны Расіі абвінаваціла «ЗША і іх памагатых» у планаванні правакацыі ва Украіне з ужываннем ядахімікатаў. Раней МА РФ заяўляла, што ўкраінскія афіцыйныя асобы плануюць фальшывыя атакі на радыяцыйна небяспечныя аб’екты ва Украіне, каб абвінаваціць расійскія сілы ва ўдарах па такіх аб’ектах. Відавочны ўсплёск ілжывых біяхімічных і ядзерных папярэджанняў суправаджае ўзгодненую расійскую інфармацыйную аперацыю па абвінавачванні Украіны ў падрыхтоўцы да ўварвання ў Прыднястроўе, заўважаюць эксперты, згадваючы і пастанову Пуціна пра прыпынненне ўдзелу ў СНУ. Такім чынам, лічаць у ISW, Расія спрабуе адцягнуць увагу ад адсутнасці поспехаў на полі бою, а таксама запаволіць адпраўку Украіне заходняй тэхнікі. Мінабароны Расіі і высокапастаўленыя расійскія чыноўнікі, імаверна, будуць актывізаваць свой удзел у такіх інфармацыйных аперацыях па меры таго, як далейшае расійскае наступленне ў Луганскай вобласці набліжаецца да кульмінацыі, а магчымасці для ўкраінскіх контрнаступленняў узрастаюць, лічаць аналітыкі.
Яшчэ адзін наратыў, які працягвае прасоўваць Пуцін, — гэта тое, што вайна ва Украіне пагражае ўнутранай бяспецы Расіі. Выступаючы 28 лютага на калегіі ФСБ, ён падкрэсліў, што асноўная мэта спецслужбы — падтрымка Узброеных сіл і Расгвардыі ў іх намаганнях для выканання задач «спецыяльнай ваеннай аперацыі», і адзначыў ролю ФСБ у прадухіленні ўварванняў украінскіх дыверсійных груп на тэрыторыю Расіі. Пуцін і раней часта выкарыстоўваў гэты прыём, каб «наблізіць вайну да сваіх унутраных выбаршчыкаў», адзначае ISW.
Таксама Крэмль, імаверна, спрабуе аднавіць яшчэ адну інфармацыйную аперацыю — прадставіць Расію як адкрытую для перамоваў краіну ў адрозненне ад Захаду, які адмаўляецца зрабіць аналагічныя крокі. І ў гэтай аперацыі РФ, падобна, выкарыстоўвае Аляксандра Лукашэнку ў якасці рэтранслятара сваіх заяваў і канала для перамоваў з Захадам на выгадных для Расіі ўмовах. Лукашэнка падчас візіту ў Кітай заявіў, што Расія гатовая распачаць крокі да мірнага ўрэгулявання, а таксама абвінаваціў Захад і ЗША ў прымусе ўкраінскіх чыноўнікаў да адмовы ад перамоваў з Расіяй.
Крэмль і Лукашэнка, імаверна, ухапіліся за мірны план Кітая, каб аднавіць расійскую інфармацыйную аперацыю, якую Крэмль выкарыстаў у снежні 2022 года. Гэтая інфармацыйная кампанія, прысвечаная адкрытасці Расіі да перамоваў, была скіраваная на тое, каб заахвоціць заходніх афіцыйных асоб пайсці на папераджальныя саступкі і прымусіць Украіну да перамоваў на ўмовах Расіі, кажуць эксперты, адзначаючы, што гэтая аперацыя, імаверна, спрыяла затрымцы з адпраўкай заходніх танкаў і іншага абсталявання, неабходнага Украіне для контрнаступленняў. Крэмль можа аднавіць гэтую інфармацыйную аперацыю, каб знізіць эфектыўнасць будучых украінскіх контрнаступленняў, адтэрмінаваць адпраўку неабходнай заходняй дапамогі і паспрабаваць дамагчыся саступак перад патэнцыйнымі далейшымі няўдачамі ва Украіне, адзначаюць у Інстытуце.
Таксама ISW паўтарае свой ранейшы тэзіс пра тое, што Лукашэнка можа садзейнічаць схемам абыходу санкцый паміж Расіяй і Кітаем падчас свайго афіцыйнага візіту ў Пекін.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі ў раёне Сватава і Крамянной і, імаверна, трохі прасунуліся на поўнач ад Крамянной;
- расійскія войскі дамагліся тактычных поспехаў на поўначы Бахмута і працягнулі наземныя атакі вакол Бахмута і ў раёне Аўдзееўкі — Данецка;
- украінскія афіцыйныя асобы працягваюць паведамляць пра магчымую падрыхтоўку Расіі да аднаўлення наступальных аперацый у Запарожскай і Херсонскай абласцях, хоць ISW не зафіксаваў прыкметаў таго, што расійскія войскі плануюць аднавіць наступальныя аперацыі на гэтых напрамках;
- прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў пастанову Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны пра санкцыі ў дачыненні да 109 грамадзян Расіі, якія маюць дачыненне да гвалтоўнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.