Літоўскія парламентарыі 20 красавіка адхілілі вета прэзідэнта Гітанаса Наўседы і канчаткова пацвердзілі, што праз вайну ва Украіне Літва ўводзіць розныя нацыянальныя санкцыі ў дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі. Пра гэта піша LRT.
За прыняцце закона без паправак, прапанаваных прэзідэнтам, прагаласавалі 99 дэпутатаў Сейма, супраць выступілі сямёра, двое ўстрымаліся.
«Толькі што Сейм Літвы прагаласаваў за законапраект з больш мяккімі ўмовамі для беларусаў. 99 дэпутатаў прагаласавалі за, 7 супраць і 2 устрымаліся. Цяпер закон будзе прыняты, і прэзідэнт Літвы абавязаны яго падпісаць. Я дзякую ўсім дэпутатам, якія нас падтрымалі! Мы вельмі цэнім усю падтрымку, якую Літва аказвае ў нашай барацьбе за еўрапейскую будучыню свабоднай Беларусі, і ніколі гэтага не забудземся», — падзякавала літоўскім дэпутатам лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская.
Нагадаем, у Літве праз вайну ва Украіне на абмеркаванне дэпутатам вынеслі законапраект пра абмежаванні. У ім прапаноўвалася спыніць прыём заяваў ад грамадзян Беларусі і Літвы на:
- атрыманне літоўскага грамадзянства і візы ў консульствах за мяжой (акрамя выпадкаў, калі пасярэднікам выступае МЗС краіны);
- ВНЖ як у Літве, так і ў яе прадстаўніцтвах за мяжой. Выключэнні — тыя, хто ўжо меў нацыянальную ці шэнгенскую візу, а таксама ВНЖ або рашэнне пра яго наданне;
- атрыманне статусу электроннага рэзідэнта.
Дэпутаты прынялі закон у першым чытанні. Пасля гэтага ў Літве пачалося актыўнае грамадскае абмеркавання прапанаваных абмежаванняў. У яго ўключылася Святлана Ціханоўская. У выніку частку абмежаванняў для беларусаў з законапраекта ўдалося выключыць. Дэпутаты ўхвалілі змякчаны варыянт.
Аднак прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа наклаў на яго вета і вярнуў на паўторны разгляд. Ён прапанаваў парламентарыям зраўнаваць абмежаванні для расіян і беларусаў. А таксама спрасціць дэпартацыю і ануляванне ўжо выдадзеных нацыянальных візаў і ВНЖ.
Чытайце таксама