Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Лукашэнка заклапаціўся адтокам людзей з рэгіёнаў. Ён агучыў «рэцэпт», як спыніць гэты працэс
  2. Причиной недавнего отключения отопления в Мозыре стал беспилотник, залетевший в Беларусь во время российской атаки Украины, — «Флагшток»
  3. Что произошло после того, как из Белого дома перестали вести трансляцию. В чем признался советник Трампа
  4. «Выстройваюцца чэргі». У МУС расказалі, як міліцыя ладзіць рэйды па «дармаедах»
  5. ISW: ВСУ продвинулись в Торецке. Успешные контратаки могут вынудить Россию перебросить дополнительные силы на это направление
  6. Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка Мінсувязі
  7. «Оскар-2025»: лучшим фильмом признана «Анора», лучшей актрисой — Майки Мэдисон
  8. Минский школьник вел дневник во время Второй мировой. Он описал жизнь под оккупацией — вряд ли вы так ее себе представляли
  9. Дасягнуўшы дна, даляр разварочваецца: як хутка ён будзе расці? Прагноз па валютах
  10. Мама или бабушка увлекаются «сердечными каплями»? Корвалол таит в себе ряд опасностей и запрещен в США — перескажите близким этот текст
Читать по-русски


Віталю праз месяц споўніцца 16 гадоў. Хлопец яшчэ вучыцца ў школе і не хоча заставацца ў Бураціі пасля паўнагоддзя — збіраецца паступіць за мяжу і з’ехаць з Расіі. Ён марыць, каб Бурація перастала быць суб’ектам РФ і «перарадзілася» ў незалежную дзяржаву, а сам — стаць інструктарам NATO, які вернецца на радзіму і будзе пракачваць сваё войска. Віталь расказаў «Люстэрку» пра жыццё рэспублікі і стаўленне да вайны, пра «баявых буратаў», крадзеж украінскіх унітазаў і пральных машын і страх, што да яго народа цяпер у свеце будуць ставіцца кепска. Публікуем яго маналог.

Главная площадь Улан-Удэ, март 2023 года.Фото: sibreal.org
Галоўная плошча Улан-Удэ — сталіцы Рэспублікі Бураціі, якая ўваходзіць у склад РФ, сакавік 2023 года. Фота: «Сибирь. Реалии»

Імя суразмоўцы змененае з меркаванняў бяспекі. Інтэрв'ю публікуецца са згоды бацькоў падлетка.

«У вёсках дарог няма. Па гладкім асфальце я ездзіў у Маскве»

Мне праз месяц будзе 16 гадоў. Я нарадзіўся і жыву ў прыгарадзе Улан-Удэ, сталіцы Бураціі. Ад горада да мяне блізка, але ў нас у пасёлку даволі шмат баракаў. Баракі — гэта такія старыя драўляныя абшарпаныя дамы, ва Улан-Удэ іх таксама яшчэ можна сустрэць.

У нас няма газу. Узімку мы печку палім, колем дровы (гэта я звычайна раблю сам). Наш дом даволі вялікі, і мне даводзіцца ледзь не пяць тачак кожны дзень цягаць. Сусед нядаўна перайшоў на электраатапленне — не ведаю, адкуль у яго столькі грошай, каб чыста на электрычнасці сядзець…

Рэспубліка ацяпляецца ў асноўным дровамі, вуглём і звадкаваным газам, некаторыя дамы — электрычнасцю. Праз смог, які ўтвараецца зімой ад дымных кацельняў і печаў, Улан-Удэ часта называюць «вялікай качагаркай». Пра газіфікацыю Бураціі пачалі гаварыць у 2008 годзе, паводле апошніх заяваў, газ там можа з’явіцца ў 2029−2030 гадах.

Не магу сказаць, што людзі ў нас аж так бедна жывуць, але, думаю, маглі б нашмат лепш. Як мая мама кажа, у нас, разумееце, заробак для Бураціі даволі добры — у залежнасці ад прафесіі, ад 15 да 100 тысяч расійскіх рублёў (500−3300 беларускіх рублёў, а сярэдні заробак у Бураціі — 56 тысяч расійскіх рублёў да выліку падаткаў, або 1800 беларускіх. — Заўв. рэд.), але ў цэлым узровень жыцця даволі нізкі, людзі мала зарабляюць.

Вид на город Улан-Удэ, март 2023 года.Фото: sibreal.org
Від на горад Улан-Удэ, сакавік 2023 года. Фота: «Сибирь. Реалии»

Мае бацькі цяпер жывуць асобна, бо хварэе малодшы брат. Я жыву з бабуляй, у яе свой невялікі бізнес, таму ў нас сям’я, я б сказаў, заможная. Мы можам сабе дазволіць добрыя прадукты, я цікаўлюся праграмаваннем і ў мяне дарагі камп’ютар, клавіятура, відэакарта. Можам аплачваць выдаткі на наш вялікі дом і іпатэку на кватэру. А мой знаёмы (яму 27 гадоў) працаваў ва Улан-Удэ, яму не хапала грошай, і ён з’ехаў у Кіжынгу (вёска, адміністрацыйны цэнтр Кіжыгінскага раёна Бураціі. — Заўв. рэд.). Муж маёй цёткі (у іх трое дзяцей) працуе на будоўлі — то ездзіць вахтавым метадам у Маскву, то нейкія заказы робіць, і пры гэтым яны жывуць бядней, чым мы, кватэра ў іх меншая.

Калі пачалася вайна ва Украіне, казалі, што бураты там крадуць пральныя машыны, унітазы… Шчыра кажучы, я не ведаю, але не памятаю, каб у кагосьці не было пральных машын ці ўнітазаў. Ну, нават калі не, яны ідуць у драўляны талчок, а не невядома навошта ўнітаз ва Украіне адкручваць [і везці дадому], нешта там зразаць і гэтак далей. Я не веру, што маглі ўнітазы тырыць — гэта наогул трэш. Ну, пральныя машыны — можа, так, але таксама пад сумневам: пралкі можна не асабліва дорага купіць тут. Можа, хтосьці забіраў іх там, каб тут на «Авіта» (расійскі рэсурс для абвестак пра тавары. — Заўв. рэд.) прадаць? Але наўрад ці гэта такія вялікія грошы, каб гэтыя машыны на сабе цягаць, прывозіць у Бурацію і прадаваць за бесцань.

Я лічу, нешта такое магло адбывацца ў цэлым, але ў РФ вельмі шмат народаў, якія падобныя да азіятаў, так што чыста на буратаў скідваць няма сэнсу.

Вось у майго сябра не было ўнітаза, яму даводзілася ў вясковую прыбіральню хадзіць. Ён таксама ў прыгарадзе жыве. У іх, разумееце, такая сітуацыя: ідзеш-ідзеш — там такія драўляныя платы, ну проста бедныя-бедныя хатушкі, з г***а і палак, шчыра кажучы, пабудаваныя. Але пральная машына ў яго, здаецца, была — неяк жа ён пярэ сабе рэчы…

У нас нізкі ўзровень урбанізацыі. Праз якасць дарог падчас дажджу на вуліцах нашага пасёлка шмат лужын. А ў вёсках дарог няма — чыста такі цвёрды пясок, па якім можна праехацца, але машыну на ім вельмі трасе. Калі надвор’е кепскае, там усё размывае. Ва Улан-Удэ асфальт, вядома, ёсць, але няякасны, я так скажу. Па гладкім асфальце я ездзіў у Маскве. Гэта не аж неба і зямля — але ў нас, калі прыхінуць галаву да акна і ехаць, цябе ўвесь час трасе, галаве балюча.

Улицы Улан-Удэ, март 2023 года. Фото: sibreal.org
Вуліцы Улан-Удэ, сакавік 2023 года. Фота: «Сибирь. Реалии»

Людзі ў нас мала бываюць за мяжой. Я з бацькамі ездзіў у Тайланд, калі мне было гадоў пяць-шэсць. А так, каб нашыя аж падарожнічалі, не магу сказаць. Мая бабуля яшчэ за савецкім часам была ў Кітаі, у Манголіі — ледзь не па ўсіх былых рэспубліках праехалася. Я ў Расіі быў толькі ў Маскве і Іркуцку.

Іркуцк ад нас недалёка (450 км ад сталіцы Бураціі. — Заўв. рэд.). Мне ён спадабаўся нашмат больш. Разумееце, гэта такі Улан-Удэ, толькі больш пракачаны. У ім ёсць такія ж праблемы, але, здаецца, не так шмат. Думаю, насельніцтва таксама беднае, але зарплата большая, архітэктура лепшая, нават хрушчоўкі былі ўтульнейшыя за нашыя, а хрушчовак у нас шмат. Новыя дамы ва Улан-Удэ будуюцца, вядома, але не так масава. І тое, гэта будучай незалежнай Бураціі, напэўна, потым давядзецца ўвесь гэты архітэктурны жах расхлёбваць даволі доўга.

А Масква нас вельмі моцна апярэджвае, яна багацейшая. Там вельмі шмат модных людзей, хоць хрушчоўкі там трапляюцца і горшыя за нашыя. Але гэта занадта грувасткі горад для мяне, проста жах.

«Здаецца, ты і бурат, але ў той жа час належыш гэтай „імперыі“»

У нас у асноўным размаўляюць па-руску. На бурацкай — максімум у вёсках, але таксама рэдка. У школе ўсе кажуць: «Навошта бурацкую вывучаць? І так на рускай усе размаўляюць». Яе выкладаюць у пачатковых класах, але як жа хр***ва! Я на той момант яе і сам не хацеў вучыць: лічыў, што мая мова — наогул хрэнь нейкая. І настаўнік таксама хрэнь расказваў — пра святы нейкія замест правілаў граматыкі.

Але я хацеў бы ведаць сваю мову. Нядаўна хадзіў на гурток бурацкай, там было чалавек пяць-сем. Вучыць яе даволі цяжка, калі, скажам, родныя мовы не асабліва сацыяльна прасоўваюцца ў рэспубліках. Гэта нявыгадна для ўрада Расіі: «Ну, а чо гэтыя малыя народы, яшчэ зладзяць сепаратызм — наогул піпец будзе». Рускія грэбліва да яе ставяцца і не хочуць вывучаць. Таму і самі бураты не хочуць, маўляў, рускіх — большасць, будзе нязручна размаўляць. Але, ведаеце, нават у мяне цяпер бывае пагарда такае, калі чалавек на бурацкай гаворыць.

Хоць, думаю, цікавасць да мовы, як вайна пачалася, стала трошкі расці, маўляў, трэба яе хаця б проста ведаць. Спадзяюся, мая мова не памрэ. Вось, вайну развязалі, думаю, Расія распадзецца, і бурацкая будзе потым на дзяржаўным узроўні развівацца, у незалежнай Бураціі.

Думаю, тады рускія будуць самі з’язджаць адсюль. Пакуль тут, як ні круці, іх больш, яны могуць, скажам, падціскаць нашую нацыянальную ідэнтычнасць і мову чыста сваёй колькасцю. А я б хацеў, каб тут было нашмат больш буратаў. Цяпер нас не катастрафічна, але ў разы менш. Як у нас вызначаюць, хто бурат, а хто рускі? Па выглядзе, больш ніяк. Разрэз вачэй вузкі — ты бурат. Могуць тут быць людзі іншых народаў, але я такіх мала сустракаў.

Праздник, посвященный сандаловой святыне Зандан Жуу, прошёл на территории Эгитуйского дацана в Еравнинском районе, 15 июня 2023 года. Фото: vk.com/Администрации МО "Ульдургинское"
Свята, прысвечанае сандалавай святыні Зандан Жуу, на тэрыторыі Эгітуйскага дацана (будыйскага манастыра) у Ераўнінскім раёне, 15 чэрвеня 2023 года. Фота: vk.com/Адміністрацыя МУ «Ульдургінскае»

У школе нам асабліва пра вайну не казалі — толькі спачатку пра закон пра ваенную цэнзуру (гаворка пра «закон аб фэйках пра расійскую армію», які ў РФ прынялі 4 сакавіка 2022 года. — Заўв. рэд.) расказалі, што нельга казаць «вайна» — трэба «СВА». Ну і потым іншая настаўніца казала нешта: «Ой, якія ААН хітрыя. Расіі нельга, а іншым можна?!» Пра веліч Расіі не расказваюць. Але тут, хутчэй, такое: ты «расіянін бурацкага паходжання». Здаецца, і бурат, але ў той жа час належыш гэтай «імперыі», бо менавіта гэтая імперыя, гэтая руская мова «ўзбагацілі тваю культуру». Ну як можна казаць, што твая культура ўзбагацілася дзякуючы заваяванню? Гэта нейкі жах. Я не ўсведамляў раней, а цяпер вельмі праз гэта засмучаюся.

Заваяванне этнічнай Бураціі расійскай дзяржавай ішло з XVII стагоддзя да канца 1720-х гадоў, пакуль тэрыторыі не аказаліся падзеленыя паміж Расіяй і Кітаем. У пачатку XX стагоддзя сярод буратаў узнік нацыянальна-вызваленчы рух. У 1917 годзе тут было створанае першае нацыянальнае бурацкае дзяржаўнае ўтварэнне — «Дзяржава бурат-Манголія», якое пасля некалькіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных пераўтварэнняў стала ў 1923 годзе Бурацка-Мангольскай Аўтаномнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай у складзе РСФСР. У 1958 годзе яна стала Бурацкай АССР, а пасля распаду Савецкага Саюза з 1992 года — Рэспублікай Бурація ў складзе Расійскай Федэрацыі.

«Мой сваяк служыць на кантракце ва Украіне. А бабуля лічыць, што Пуціна трэба ў Гаагу»

Большасць людзей у нас, я думаю, за вайну. Тых, хто супраць, нашмат менш. Асабліва ў вёсках. Мая прабабуля (ёй больш за 80 гадоў) таксама ў вёсцы жыве, глядзіць канал «Расія 24» — там палохаюць, што ва Украіне — «укры, нацысты, бандэраўцы, наогул жах адбываецца!». Хоць прадзед заўсёды са скептыцызмам нават да савецкай улады ставіўся… У сельскай мясцовасці, разумееце, інтэрнэт жа кепскі, я не думаю, што людзі хочуць асабліва цікавіцца палітыкай. Але ў нас часцей за ўсё ў людзей проста нейкая аморфнасць, нейкае замбяцтва, ці што: ну, ёсць там нейкія палітыкі, хай сваю справу сабе робяць.

Мама мая супраць вайны, а ў бацькі дзіўная пазіцыя: ён, здаецца, і «Данбас бамбілі», але ў той жа час згодны са сцверджаннем, што хай рускія самі ідуць паміраць за свой «рускі свет», а буратаў не чапаюць. Мы з бабуляй, якая са мной жыве, калі толькі вайна пачалася, думалі: «Ай, хутчэй бы Украіну гэтую захапілі, каб менш кровапраліцця было, менш ахвяраў». Потым, калі яны [украінцы] пачалі выйграваць, мы зразумелі, што так не трэба было наогул думаць. Пачалі ўнутрана заўзець за Украіну: «Ё-маё, цяпер прысвояць гэтую краіну, захопяць. Які жах!» У душы бабуля была супраць вайны, і цяпер яна лічыць, што Пуціна трэба ў Гаагу, а Украіна павінная дэакупаваць свае тэрыторыі, Крым у тым ліку.

Неяк я свайго трэнера ў качалцы спытаў, як ён ставіцца да вайны ва Украіне. Ён яшчэ перапытаў: да вайны? Бо яны прывыклі казаць «спецыяльная ваенная аперацыя». Ён сказаў, што супраць вайны. Я спытаў, ці ёсць ва Украіне нацысты. Ён: «Так, там наогул іх поўна!» Ён разумее, што яны абараняюць сваю тэрыторыю, але пры гэтым па яго логіцы яны ўсё роўна нацысты. Кажа, што яму шкада звычайных украінцаў. Але пры гэтым, калі б яму даслалі позву, ён бы пайшоў.

Передача помощи от АНО «Содействие», жителям Бурятии, участникам войны в Украине, Улан-Удэ, 18 июня 2023 года. Фото: egov-buryatia.ru
Перадача дапамогі ад арганізацыі «Содействие» жыхарам Бураціі — удзельнікам вайны ва Украіне, Улан-Удэ, 18 чэрвеня 2023 года. Фота: egov-buryatia.ru

Я здзівіўся адказам свайго трэнера. Калі пачалася мабілізацыя, людзі нават выходзілі на мітынгі. Мала, вядома, сабралася ва Улан-Удэ, але ўсё ж.

Наогул, адкрыта я асабіста баюся агучваць сваю пазіцыю. Страшна, раптам зловяць, нешта нядобрае зробяць. Максімум, з кім мне не боязна — з тымі, хто адкрыта пратэстуе. Быў адзін мужык у нас, стаяў у горадзе, я з ім пагаварыў пра вайну, пра незалежнасць. Але ён дзіўны, вядома, трохі. Кажа: «Калі Бурація будзе незалежнай, станем беднымі, як Грузія ці Арменія». Ну, нават калі так, думаю, лепш быць бедным, але свабодным, чым багатымі, але рэгіёнам, з якога рэсурсы чэрпаюць проста так, і хтосьці пры гэтым будзе наш народ адпраўляць кудысьці на вайну.

Чаму нашыя ідуць туды? Думаю, праз беднасць. Напэўна, ім кажуць: «Вось 200 тысяч рублёў! Вы там зарабляць зможаце» (шараговаму сяржанту на кантакце ў РФ абяцаюць забяспечанне ў 204 тысячы рублёў — гэта 6800 беларускіх. — Заўв. рэд.). Згаджаюцца часта 30−40-гадовыя, якія ў жыцці асабліва не рэалізаваліся, напэўна. Не ведаю, можа, хочуць пагеройстваваць і зарабіць грошы да таго ж?

Тое, што на вайне неадукаваныя бураты — гэта міф насамрэч. Мы па рэйтынгу ў РФ другія па адукацыі. З гуманітарнай у нас усё кепска, як і па ўсёй Расіі, а тэхнічная добрая. Дзяржаве патрэбны чалавек, які будзе добра лічыць і вылічаць, а чалавек, які мысліць, яму не патрэбны. Але я б сказаў, што шмат хто ў Бураціі — адукаваныя, нармальныя людзі. Але некаторыя хоць разумныя, але ў іх ёсць усё роўна такое, ведаеце, быдляцтва.

Паводле звестак Усерасійскага перапісу насельніцтва за 2020 год, у РФ жыве 460 тысяч прадстаўнікоў бурацкага народа, з якіх у самой рэспубліцы — 269 тысяч (64%). Вышэйшую і няскончаную вышэйшую адукацыю маюць амаль 33% тых, хто жыве ў рэспубліцы. Для параўнання, у Беларусі, паводле звестак на 2021 год, вышэйшая адукацыя ёсць у 33,9% жыхароў.

Яшчэ прычына ў тым, што нацыянальнай самасвядомасці ў Бураціі як такой няма. Ёсць «мы належым да вялікай рускай культуры». Я сам два-тры гады таму быў падпісаны на правыя каналы, такія гамафобныя, сэксісцкія, да таго ж і расісцкія, і адносіў сябе чамусьці да гэтай імперыі — тыпу я лепшы і вышэйшы за якіх-небудзь эмігрантаў кыргызскіх. Незразумела чаму. Смешна цяпер усё гэта ўспамінаць… Я потым зразумеў, што кыргызы — больш свабодны народ, чым мы.

Мой сваяк, дарэчы, таксама служыць на кантракце ва Украіне. Але ён падпісаў яго яшчэ да вайны, і вялікія цяжкасці былі б у яго, калі б ён вырашыў звольніцца. Думаю, калі ён захоча ўсё ж з вайны пайсці, ва ўсёй вёсцы яго будуць лічыць здраднікам, будзе моцны псіхалагічны ціск. А так, я думаю, ён мог бы звярнуцца да юрыстаў, каб яму дапамаглі звольніцца, ці дзесьці перабегчы мяжу, лепш ужо ў турму сесці, чым ваяваць. Яму нават 30 гадоў яшчэ няма. Не ведаю, на якіх напрамках ён знаходзіўся, але чуў, што быў у Луганску і Данецку. Неяк вяртаўся ў адпачынак на радзіму. Калі мама мне патэлефанавала і сказала пра гэта, я быў у шоку, кажу: «Ах**ць!» Проста ён быў для мяне такім добрым дзядзькам, нармальны мужык.

Стрельбы РСЗО 9К57 «Ураган» и СПТРК 9П148 30-й артиллерийской бригады 36-й общевойсковой армии в Бурятии. 17 сентября 2020 года. Фото: Wikipedia.org
Стрэльбы 30-й артылерыйскай брыгады 36-й агульнавайсковай арміі ў Бураціі. 17 верасня 2020 года. Фота: Wikimedia.org

«Нельга выдзяляць канкрэтна нейкі народ па злачынствах. Розныя людзі жахі здзяйсняюць»

Не ведаю, як я буду размаўляць са сваім сваяком далей — нават не ведаю, ці вернецца ён з фронту. Але, мне здаецца, ён дакладна будзе якім-небудзь ватнікам тыпу «я хахлоў забіваў». Можа, накінецца на мяне, калі я яму скажу, што вайна ва Украіне — гэта дрэнна. А можа, акажацца дабрэйшым і будзе шкадаваць, што забіваў украінцаў, можа, зразумее мяне, сам усвядоміць, што рабіў бессэнсоўную х**ню, да таго ж і злую.

Я чуў, вядома, і пра тое, што нашыя (хоць тых, хто быў на вайне, я ўжо нашымі назваць не магу) на вайне жорстка абыходзяцца з украінцамі. Але ў той жа Бучы, пра якую казалі, буратаў мала было — там усё рабілі пскоўскія дэсантнікі, пра гэта рабіў расследаванне і развейваў міфы фонд «Свабодная Бурація». Потым Арастовіч таксама пра гэта казаў.

«Свабодная Бурація» ў сваім расследаванні адзначае, што ў Бучы падчас акупацыі знаходзіліся дэсантнікі 76-й дывізіі з Пскова і частка байцоў 64-й мотастралковай брыгады з Хабараўска. У апошняй, паводле спісаў на 2018 год, сярод салдат этнічных буратаў было каля 2%. У фондзе лічаць, што прынцып фармавання падраздзялення «наўрад ці моцна змяніўся з таго часу», і робяць выснову, што «такім чынам, расійскіх вайскоўцаў — этнічных буратаў на тэрыторыі Бучы магло быць максімум некалькі чалавек (калі яны там наогул былі)». Там таксама адзначаецца, што два бураты, якіх абвінавачваюць у злачынствах у Бучы, не служылі ў войску РФ на той момант, а яшчэ двое мужчын «неславянскай знешнасці» не маюць дачынення да Бураціі. Таксама яны звяртаюць увагу, што не існуе этнічных падраздзяленняў, якія складаюцца толькі з буратаў. У матэрыяле прыводзяцца спасылкі на падобныя расследаванні Reuters і New York Times.

Магчыма, украінцы, якія пацярпелі, на нейкіх рэальных буратаў натрапілі, і тыя з іх здзекаваліся. Можа, дзесьці і было такое, гэта нельга выключаць. Але ахвярам вайны ўласціва перабольшваць дзеянні акупантаў. Небеспадстаўна, натуральна. Але, разумееце, вось яна ўбачыла акупанта, ды яшчэ і такога, які вылучаецца знешнасцю, расай, — усё роўна ўключаецца ксенафобія ў якога-небудзь украінца. І яна грунтуецца на вобразе «баявых буратаў» — паказваюць яшчэ такіх бедных, зарослых, відаць, што з вёсак людзі, і крыніц інфармацыі ў іх, як у мяне, напрыклад, няма.

І рускі чалавек можа такое здзяйсняць. Як і ўкраінец — у РФ даволі шмат украінцаў, якія тут жылі, маглі прыняць грамадзянства і пайсці на вайну, яны таксама могуць тады здзекавацца са сваіх. Але я лічу, што нельга выдзяляць канкрэтна нейкі народ па злачынствах. Розныя людзі жахі здзяйсняюць.

Мне, вядома, не вельмі прыемна, калі я чую, што мы, бураты, такія кепскія. Але ў мяне ёсць некалькі знаёмых з Украіны, яны ведаюць, адкуль я, і нармальна са мной размаўляюць: «Бурат і бурат. Галоўнае — каб вайну не падтрымліваў». Пры гэтым у мяне ёсць страх, калі я паеду кудысьці ў Амерыку і іншыя краіны, называць сваю нацыянальнасць. Раптам людзі там даведаюцца, што я бурат, і будзе агрэсія? У нейкіх сітуацыях давядзецца прыкідвацца казахам якім-небудзь ці кыргызам, але я не хачу хаваць сваю нацыянальнасць. Спадзяюся, украінцы не будуць біць мяне за тое, што я бурат.

Эксгумация тел мирных жителей из братской могилы в городе Буча под Киевом, Украина, 13 апреля 2022 года. Фото: Reuters
Эксгумацыя целаў мірных жыхароў з брацкай магілы ў Бучы, Украіна, 13 красавіка 2022 года. Фота: Reuters

У інтэрнэце, прынамсі там, дзе я сяджу, пакуль не сутыкаўся з агрэсіяй, але не скажу, што з ухвалой людзі ўспрымаюць — усё роўна, як ні круці, ты прадстаўнік народа-акупанта. Ды ў нас і сама прапаганда кажа, маўляў, «мы — бураты, ідзём ваяваць за рускі свет». Я не адчуваю аж такой адказнасці за дзеянні нашых ва Украіне. Разумееце, вайна, хвароба малодшага брата зрабілі мяне нібыта бессардэчным. Я пачаў думаць холадна — каб мая Бурат-Манголія, у якую перародзіцца Бурація, стала паспяховай краінай, каб нават з украінцамі мы змаглі наладзіць адносіны ў будучыні і жыць дружна. І мая Бурат-Манголія абавязкова павінная наладзіць эканоміку і выплачваць рэпарацыі. Не ў асабліва вялікіх маштабах — я лічу, што бураты, як ні круці, — ахвяры гэтай імперыі. Не настолькі мы аж вінаватыя, не ў такой ступені, як прыпісваюць многія. Але выплачваць трэба.

«Я чакаю, калі Расія распадзецца, і хацеў бы беларусам сказаць, каб не ставіліся да нашага народа як да дзікага»

Неяк мы сям’ёй збіраліся, трэба было накрыць на стол, і мне далі рэзаць каўбасу. Сваячка кажа: «Ты што, каўбасу пачысціць нармальна не можаш?! Як жа ты ў войску будзеш, радзіму абараняць?» Я адказаў, што мне Бурація даражэйшая за Расію. Я чакаю, калі Расія распадзецца.

Мае погляды неяк з цягам часу памяняліся. Спачатку я быў такім федэралістам — «цудоўная Расія будучыні, у нас будзе добрая канфедэрацыя» і гэтак далей. А потым стаў глыбей занурацца ў бурацка-мангольскую апазіцыю, і аргументы боку, які выступаў за тое, што Бураціі лепш быць незалежнай, мяне пераканалі. Так яно і ёсць: за Расіяй, я лічу, нічога нармальнага не будзе. Прыйдзе нехта іншы, стане аўтарытарным, зноў развяжа вайну — і ўсё, буратаў будуць зноў незразумела куды пасылаць, да таго ж мова канчаткова знішчыцца. Ужо дакладна мне не па дарозе з РФ. Хоць мая пазіцыя не такая папулярная. Многія, хто супраць вайны, тая ж мая бабуля, са скептыцызмам да незалежнасці Бураціі ставяцца — баяцца, што могуць быць усякія расправы.

Але мы можам атрымаць незалежнасьць. Калі, па-першае, Украіна дэакупуе свае тэрыторыі, па-другое, у Маскве будзе неразбярыха, барацьба ва ўладзе. Тады дэкаланіяльныя актывісты пачнуць адукоўваць і пераконваць людзей, падымуць у гарадах народ зрынаць уладу, напрыклад. Хоць гэта вельмі ўтапічна. Але я ўсё роўна думаю, што пры паразе Расіі нешта прачнецца ў буратаў: «А за што мы свае жыцці аддавалі? Навошта мы адпраўлялі сваіх дзяцей на гэтую вайну? Навошта мае браты і дзядзькі там гінулі?» Хтосьці будзе задавацца гэтым пытаннем, хтосьці — не, але, думаю, мы вызвалімся. Спадзяюся, мы будзем незалежнымі. Бо рэсурсаў жа ў нас шмат: і золата ёсць, і нефрыт, і вугаль, і цынк. І свая ГРЭС. Думаю, патэнцыял у Бураціі пры незалежнасці вялікі — пакуль на ўсім гэтым расійскія алігархі зарабляюць.

У мяне на будучыню планы грандыёзныя нейкія — я хачу ў войска ЗША ўступіць, інструктарам NATO стаць і ў выніку прыехаць у Бурацію, каб войска сваё пракачваць. Але не ведаю, наколькі гэта магчыма — пойдуць гады, напэўна. Але я б хацеў атрымаць грамадзянства краіны Еўропы ці ЗША, а потым вярнуцца і развіваць Бурацію. Хацеў бы, каб яна стала як Манголія — я быў там, і мне вельмі спадабалася.

З тымі, хто быў на вайне, я не ведаю што будзе. Разумееце, калі яны прыходзяць з фронту, асабліка па-мярзотніцку сябе не паводзяць. Але калі ты асабіста з чалавекам вітаешся, даведваешся, што ён на вайне быў, забіваў іншых людзей — наогул непрыемна. Можа, праз нейкі час іх дзеці, унукі будуць у шоку: «Які кашмар, мой бацька быў акупантам!» Напэўна, з часам будуць расследаванні нейкія праводзіцца. Можа, калі чалавек быў проста акупантам, то ладна ўжо, х**н з імі, хай такія жывуць далей, праходзяць псіхатэрапію ад ПТСР. А вось калі здзяйсняў ваенныя злачынствы, ярка засвяціўся, над ім дакладна будуць суды, тэрміны. Чыста з маральнага пункту гледжання трэба ж нейкія пакаранні ім даць!

Фото: Сибирь.Реалии
Пахаванне загінулага ва Украіне мабілізаванага жыхара бурацкага пасёлка, кастрычнік 2022 года. Фота: «Сибирь. Реалии»

Ёсць шмат і прадстаўнікоў іншых народаў, якія гэтак жа маглі здзяйсняць ваенныя злачынствы. І ўсе яны пакаюцца за гэта — іх альбо ў палон ва Украіне схопяць, альбо самі будучыя рэспублікі потым будуць судзіць: усё задакументавана. Думаю, кожнага злачынца зловяць.

Але мне б хацелася, каб людзі не ставіліся да буратаў дрэнна проста таму, што яны бураты. Я не асабліва знаёмы з беларускім народам, але ведаю, што ёсць жа бел-чырвона-белы сцяг. Я б хацеў беларусам сказаць, каб вы не ставіліся да нашага народа як да дзікага. Мы не настолькі тупы народ — наадварот, даволі кемлівы і разумны. Але падчас дыктатуры (я лічу, мы былі заваяваныя калісьці, як ні круці) нядобрае можа адбывацца.

Чытайце таксама