Расійскія войскі прасунуліся да двух кіламетраў па фронце і да паўтара кіламетра ўглыб на Купянскім напрамку. УСУ на Мар'інскім напрамку працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёнах Мар'інкі і Краснагораўкі. Атака 17 ліпеня на мост праз Керчанскі праліў, імаверна, будзе мець наступствы для расійскай лагістыкі на поўдні Украіны. Расказваем, пра што яшчэ паведамляюць зводкі штабоў і эксперты на 510-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Нанеслі 11 авіяўдараў па раёнах канцэнтрацыі расійскіх войскаў
За мінулыя суткі расійская армія нанесла пяць ракетных удараў з ЗРК С-300, больш за 40 авіяцыйных удараў і правяла каля 60 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Ёсць загінулыя і параненыя сярод дзяцей і мірнага насельніцтва, разбураныя жылыя дамы і іншая цывільная інфраструктура. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ.
— Расійскія сілы канцэнтруюць асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — за мінулыя суткі тут адбылося 36 баявых сутыкненняў.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках расійскія войскі нанеслі авіяўдар у раёне Белаполля Сумскай вобласці. Абстралялі з мінамётаў і артылерыі больш за 30 населеных пунктаў Сумскай і Харкаўскай абласцей.
— На Купянскім напрамку УСУ трымаюць абарону. Цягам сутак расійскія сілы вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні на захад ад Лімана Першага на Харкаўшчыне. Нанеслі авіяўдары ў раёнах двух населеных пунктаў, абстралялі — пяць.
— На Ліманскім напрамку расійская армія спрабавала наступаць у раёне на захад ад Дзібровы і на ўсход ад Вясёлага Луганскай вобласці. Нанесла авіяўдары ў раёнах трох населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей, з артылерыі абстраляла сем населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку УСУ адбілі расійскія атакі ў раёнах Мінькоўкі, на паўднёвы ўсход ад Арэхава-Васільеўкі, на паўднёвы ўсход ад Багданаўкі і каля Іванаўскага Данецкай вобласці. Праціўнік нанёс авіяўдары ў раёнах двух і абстраляў больш за 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку УСУ адбілі ўсе атакі ў раёне горада Аўдзееўка Данецкай вобласці. Расійскія войскі з артылерыі абстралялі больш за 15 населеных пунктаў у Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку УСУ працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёнах Мар'інкі і Краснагораўкі. Праціўнік абстраляў больш за дзесяць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку войска РФ нанесла авіяцыйныя ўдары ў раёнах чатырох і абстраляла шэсць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія сілы засяроджваюць асноўныя намаганні на недапушчэнні далейшага прасоўвання ўкраінскіх войскаў. Нанеслі авіяцыйны ўдар у раёне Арэхава Запарожскай вобласці, абстралялі больш за 30 населеных пунктаў Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей і горад Херсон. Пацярпеў і Ачакаў Мікалаеўскай вобласці.
У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
— Авіяцыя Сіл абароны нанесла 11 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі расійскіх войскаў.
— Знішчаныя тры ўдарныя БПЛА тыпу «Шахед-136» і шэсць разведвальных БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі раён канцэнтрацыі жывой сілы, дзве цяжкія агнямётныя сістэмы залпавага агню ЦАС-1А «Санцапёк», 27 артылерыйскіх сродкаў на агнявых пазіцыях, склад боепрыпасаў і станцыю РЭБ арміі РФ.
Мінабароны РФ: Адбілі 20 атак на трох напрамках
Цягам сутак Узброеныя сілы Украіны працягвалі спробы наступаць на Данецкім, Чырвоналіманскім і Паўднёва-Данецкім напрамках, заявілі ў Міністэрстве абароны Расіі.
— На Купянскім напрамку падраздзяленні Заходняй групоўкі войскаў працягваюць наступальныя дзеянні: агульнае прасоўванне склала да двух кіламетраў па фронце і да паўтара кіламетра ўглыб. Акрамя таго, ударамі авіяцыі і агнём артылерыі пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Калінава, Бераставое, Кіслоўка, Табаеўка Харкаўскай вобласці і Навасёлаўскае Луганскай вобласці.
У раёне населенага пункта Катляроўка Харкаўскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 103-й брыгады тэрытарыяльнай абароны, а таксама дзве баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі і радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-50.
— На Данецкім напрамку падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў цягам сутак адбілі 12 атак УСУ ў раёнах населеных пунктаў Першамайскае, Вясёлае, Краснагораўка, Мар'інка і на паўночны захад ад Кляшчэеўкі Данецкай вобласці. Акрамя таго, у раёнах населеных пунктаў Ступачкі, Канстанцінаўка і Чырвонае пабітыя жывая сіла і тэхніка УСУ. Знішчаныя дзве баявыя браніраваныя машыны, тры пікапы, артылерыйская сістэма М777, тры самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі Krab, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», дзве гаўбіцы «Мста-Б», а таксама гарматы Д-20 і Д-30. У раёне населенага пункта Краснагораўка знішчаны склад боепрыпасаў 79-й дэсантна-штурмавой брыгады УСУ.
— На Чырвоналіманскім напрамку падраздзяленнямі групоўкі войскаў «Цэнтр», ударамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм адбітыя дзве атакі УСУ ў раёнах населеных пунктаў Чырвоная Дзіброва і Макееўка Луганскай вобласці. Таксама ў раёнах населеных пунктаў Тэрны Данецкай і Чырвоная Дзіброва, Кавалеўка і Кармазінаўка Луганскай абласцей нанесенае агнявое паражэнне падраздзяленням УСУ.
У раёне населенага пункта Кузьміно спыненыя дзеянні ўкраінскай дыверсійна-разведвальнай групы. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя дзве баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab, а таксама дзве гаўбіцы Д-30.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Ураджайнае Данецкай і Прыютнае Запарожскай абласцей. У раёнах населеных пунктаў Уладзіміраўка і Ураджайнае Данецкай вобласці адбітыя тры атакі праціўніка.
— На Запарожскім напрамку адбілі тры атакі УСУ ў раёне населенага пункта Новаданілаўка Запарожскай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Малая Такмачка і Арэхаў нанесенае агнявое паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ. Акрамя таго, знішчаныя тры склады боепрыпасаў 23-й і 33-й механізаваных брыгад УСУ, танк, дзве баявыя браніраваныя машыны, чатыры пікапы, гаўбіца «Мста-Б», а таксама гармата Д-44.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння за суткі знішчаныя чатыры пікапы, дзве гаўбіцы «Мста-Б», а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя».
Усяго за суткі пабітыя 89 артылерыйскіх падраздзяленняў, жывая сіла і ваенная тэхніка УСУ ў 98 раёнах. Перахопленыя тры рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS. Знішчаныя 43 беспілотныя лётныя апараты.
Інстытут па вывучэнні вайны: УСУ працягнулі наступаць мінімум на трох участках фронту
Атака 17 ліпеня на мост праз Керчанскі праліў, імаверна, будзе мець наступствы для расійскай лагістыкі на поўдні Украіны. Як адзначае Інстытут па вывучэнні вайны (ISW), адзіны дзейны цяпер лагістычны маршрут для падтрымання Паўднёвай групоўкі войскаў Расіі праходзіць праз акупаваныя Данецкую, Запарожскую і Херсонскую вобласці. Расійскія акупацыйныя ўлады, замест таго каб разгрузіць яго, перанакіравалі туды турыстычныя патокі і працягваюць заклікаць расійскіх грамадзян праязджаць на адпачынак у Крым праз зону баявых дзеянняў.
Сітуацыя з Крымскім мостам дэманструе, як доўгая няздольнасць уладаў РФ настроіць расійскае грамадства на стан вайны будзе мець значны ўплыў на расійскую лагістыку, заўважаюць эксперты. На іх думку, расійская лагістыка на поўдні Украіны пацярпіць у кароткатэрміновай і сярэднетэрміновай перспектыве, што можа толькі ўзмацніць нядаўнія і істотныя скаргі камандзіраў расійскіх падраздзяленняў на недастатковае забяспечанне на поўдні Украіны. А гэта ў сваю чаргу выкліча далейшае абурэнне з боку расійскай ультранацыяналістычнай супольнасці і яшчэ больш падарве давер да Міністэрства абароны Расіі.
Расійскія праваенныя блогеры ўжо крытыкуюць расійскія ўлады за няздольнасць захаваць бяспеку моста. Расійскія ж акупацыйныя ўлады, падобна, занятыя змякчэннем наступстваў падрыву, а не выкарыстаннем інцыдэнту для масіраваных інфармацыйных атак, адзначаюць у Інстытуце.
ISW таксама звяртае ўвагу на тое, што ПВК Вагнера ўсё больш асталёўваецца ў Беларусі. У лагер пад Асіповічамі працягваюць прыбываць калоны вагнераўцаў, палігон ПВК у Молькіне ў Краснадарскім краі спыняе сваю дзейнасць. Байцы «Вагнера», хутчэй за ўсё, працягнуць перадыслакацыю ў Беларусь з палігонаў у Молькіне і плацдармаў у іншых месцах Расіі цягам наступнага месяца, мяркуюць эксперты.
Украінскія войскі 17 ліпеня працягвалі контрнаступальныя дзеянні як мінімум на трох участках фронту на фоне актывізацыі расійскіх наступальных аперацый уздоўж мяжы Харкаўскай і Луганскай абласцей.
Расійскія войскі пачалі актыўныя наступальныя дзеянні і прасунуліся ў раёне Купянска. Расійскія сілы, імаверна, вядуць наступальныя аперацыі на гэтым участку фронту, спрабуючы адцягнуць украінскія рэзервы ад крытычных участкаў, а менавіта ад Бахмута, захаду Данецкай і Запарожскай абласцей — раёнаў, дзе ўкраінскія войскі вядуць контрнаступальныя аперацыі. Аднак нізкая якасць і склад расійскіх войскаў, дыслакаваных цяпер на гэтай мяжы, хутчэй за ўсё, перашкодзяць Расіі ажыццявіць значны ў аператыўным плане прарыў. Як украінскія, так і расійскія крыніцы паведамляюць пра перакідванне на Купянскі напрамак зняволеных штурмавых атрадаў «Штурм-Z».
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі працягвалі абмежаваныя наземныя атакі на паўднёвы захад і поўдзень ад Крамянной, вакол Бахмута і ўздоўж лініі Аўдзееўка — Данецк;
- украінскія сілы працягнулі контрнаступальныя дзеянні ў раёне Бахмута і прасунуліся ў раёне адміністрацыйнай мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей;
- расійскія сілы правялі абмежаваныя контратакі на захадзе Данецкай вобласці;
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы працягвалі беспаспяховыя наземныя атакі ў раёне Арэхава на захадзе Запарожскай вобласці;
- расійскае апазіцыйнае выданне «Вёрстка» паведаміла, што з пачатку вайны расійскія ўлады звольнілі прынамсі восем расійскіх военачальнікаў, не прызначыўшы іх паўторна на новыя пасады, што ў значнай ступені супадае з папярэднімі ацэнкамі ISW;
- расійскія акупацыйныя ўлады працягваюць штучна павялічваць колькасць расійскіх грамадзян у акупаванай Украіне напярэдадні вераснёўскіх рэгіянальных выбараў.