Украінскія вайскоўцы паведамілі, што за мінулыя суткі адбылося 25 баявых сутыкненняў. У Мінабароны РФ заявілі, што знішчылі Су-25 Паветраных сіл Украіны. Ваенная разведка Вялікабрытаніі лічыць, што Расія імкнецца вызваліць дасведчаныя сілы для баёў на ключавых напрамках. Пераказваем галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 544-ы дзень вайны.
Генштаб УСУ: Дзевяць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу ворага і 25 баявых сутыкненняў
«За суткі вораг нанёс 29 авіяцыйных удараў, здзейсніў 43 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. У выніку расійскіх тэрарыстычных атак, на жаль, ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнням падвергліся жылыя дамы, будынак навучальнай установы і іншая цывільная інфраструктура. Імавернасць нанясення ракетных і авіяцыйных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны застаецца высокай», — расказалі ў Генштабе УСУ.
Паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, за мінулыя суткі адбылося 25 баявых сутыкненняў.
-
На Валынскім і Палескім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных змен.
-
На Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах на паўднёвы захад ад Іскрыскаўшчыны і Жураўкі Сумскай вобласці, здзейсніў мінамётныя і артылерыйскія абстрэлы больш чым 30 населеных пунктаў.
-
На Купянскім напрамку праціўнік нанёс авіяцыйны ўдар на захад ад Мікалаеўкі. Вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Сінькоўкі Харкаўскай вобласці. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам праціўніка падвергліся некалькі населеных пунктаў.
-
На Ліманскім напрамку вораг нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах Шыйкоўкі, Тэрнаў, Піскуноўкі, Данецкай вобласці. Артылерыйскім абстрэлам праціўніка падвергліся каля 15 населеных пунктаў.
-
На Бахмуцкім напрамку расійскія войскі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Курдзюмаўкі Данецкай вобласці. Ад варожых артылерыйскіх абстрэлаў праціўніка пацярпелі больш чым 20 населеных пунктаў.
-
На Аўдзееўскім напрамку артылерыйскім абстрэлам падвергліся населеныя пункты Керамік, Стэпавае, Арлоўка, Аўдзееўка, Невельскае, Карлаўка Данецкай вобласці.
-
На Мар'інскім напрамку УСУ працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне Мар'інкі Данецкай вобласці.
-
На Шахцёрскім напрамку праціўнік нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах Вуглядара і Старамаёрскага Данецкай вобласці. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся Вадзяное, Вуглядар, Прачыстоўка, Залатая Ніва, Благадатнае, Ураджайнае Данецкай вобласці.
-
На Запарожскім напрамку вораг нанёс авіяцыйныя ўдары ў некалькіх раёнах. Ад артылерыйскіх абстрэлаў праціўніка пацярпелі больш чым 30 населеных пунктаў.
-
На Херсонскім напрамку праціўнік нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах Альгоўкі і Садовага Херсонскай вобласці. Ад артылерыйскіх абстрэлаў праціўніка пацярпелі больш чым 20 населеных пунктаў.
«УСУ працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, ажыццяўляюць мерапрыемствы контрбатарэйнай барацьбы», — адзначылі ў Генштабе.
Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за мінулыя суткі пабілі пункт кіравання і тры артылерыйскія сродкі на агнявых пазіцыях праціўніка. Украінская авіяцыя нанесла дзевяць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка.

Мінабароны РФ: Адбілі контратакі падраздзяленняў УСУ, знішчылі Су-25 Паветраных сіл Украіны
— На Купянскім напрамку падраздзяленні групоўкі войскаў «Заходняя» пры падтрымцы аператыўна-тактычнай авіяцыі і агню артылерыі актыўнымі дзеяннямі палепшылі становішча па пярэднім краі. Адбітыя чатыры атакі падраздзяленняў 25-й паветрана-дэсантнай, 95-й дэсантна-штурмавой і 14-й механізаваных брыгад УСУ. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Стальмахоўка Луганскай вобласці знішчаны палявы склад боепрыпасаў падраздзялення 103-й брыгады тэрабароны.
Страты праціўніка склалі да 160 вайскоўцаў, пяць баявых браніраваных машын, два аўтамабілі, артылерыйская сістэма М777 вытворчасці ЗША, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі: Krab польскай вытворчасці, М109 Paladin вытворчасці ЗША і «Акацыя», а таксама дзве радыёлакацыйныя станцыі контрбатарэйнай барацьбы вытворчасці ЗША AN/TPQ-50.
— На Запарожскім напрамку зладжанымі дзеяннямі падраздзяленняў расійскай групоўкі войскаў пры падтрымцы ракетных войскаў, артылерыі, цяжкіх агнямётных сістэм і авіяцыі адбітыя пяць атак падраздзяленняў 82-й дэсантна-штурмавой брыгады са складу стратэгічнага рэзерву УСУ ў раёне населенага пункта Рабоціна Запарожскай вобласці. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Амельнік Запарожскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 65-й механізаванай брыгады УСУ.
Страты праціўніка на гэтым напрамку склалі звыш 80 вайскоўцаў, тры баявыя машыны пяхоты, чатыры аўтамабілі, гаўбіцы: FH-70 вытворчасці Вялікабрытаніі, Д-20 і Д-30, дзве гарматы M119 вытворчасці ЗША, а таксама радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-50.
— На Данецкім напрамку прафесійнымі дзеяннямі падраздзяленняў групоўкі войскаў «Паўднёвая», ударамі армейскай авіяцыі і агнём артылерыі паспяхова адбітыя тры атакі УСУ ў раёнах населеных пунктаў Краснагораўка і Невельскае Данецкай вобласці.
Страты праціўніка склалі да 225 вайскоўцаў забітымі і параненымі, дзве баявыя машыны пяхоты, тры баявыя браніраваныя машыны, чатыры аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», гаўбіцы «Мста-Б» і Д-30, а таксама радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-36.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку падраздзяленні расійскай групоўкі войскаў «Усход» пры падтрымцы аператыўна-тактычнай авіяцыі і агню артылерыі нанеслі паразу падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Старамаёрскае і Ураджайнае Данецкай вобласці.
Страты праціўніка склалі да 110 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі AS-90 Braveheart вытворчасці Вялікабрытаніі і «Нона-С», а таксама артылерыйская сістэма М777.
— На Чырвоналіманскім напрамку падраздзяленнямі групоўкі войскаў «Цэнтр» пры падтрымцы штурмавой і армейскай авіяцыі адбітыя дзве атакі праціўніка ў раёне населенага пункта Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці. Акрамя таго, нанесенае агнявое паражэнне падраздзяленням 42-й, 63-й і 67-й механізаваных, а таксама 95-й дэсантна-штурмавой брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Ямпалоўка, Серабранка і Грыгораўка Данецкай вобласці.
Забітыя да 75 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя дзве баявыя браніраваныя машыны, тры пікапы, а таксама гаўбіца Д-30.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння страты праціўніка склалі да 45 вайскоўцаў, восем аўтамабіляў і два 120-мм мінамёты.
У Мінабароны Расіі таксама расказалі пра ўдары па тэрыторыі Украіны за суткі:
- аператыўна-тактычная авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя пабілі жывую сілу і ваенную тэхніку ў 167 раёнах;
- сродкі супрацьпаветранай абароны ў раёне населенага пункта Старарайскае збілі самалёт Су-25 Паветраных сіл Украіны, перахапілі тры рэактыўныя снарады сістэм залпавага агню «Ураган» і HIMARS. Акрамя таго, знішчаныя 36 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.

Ваенная разведка Вялікабрытаніі: Расія імкнецца вызваліць дасведчаныя сілы для баёў на ключавых напрамках
Расія пашырае свае вайсковыя структуры ва ўмовах ваеннага часу. Імаверна, што з’явіцца яшчэ адно новае злучэнне — 18-я агульнавайсковая армія, гаворыцца ў штодзённай зводцы ваеннай разведкі Вялікабрытаніі.
Гэтае злучэнне, імаверна, будзе ўзмацненнем іншых частак, якія дзейнічаюць у Херсонскай вобласці, уключаючы 22-й армейскі корпус, які звычайна складае расійскі гарнізон у акупаваным Крыме.
«18-я агульнавайсковая армія, імаверна, будзе складацца ў асноўным з мабілізаваных вайскоўцаў і засяродзіцца на абарончых аперацыях на поўдні Украіны», — лічаць у разведцы.
У Мінабароны Вялікабрытаніі дапусцілі, што Расія імкнецца вызваліць больш дасведчаныя падраздзяленні для вядзення баявых дзеянняў на ключавых напрамках. Імаверна, гэта прывяло да нядаўняй перадыслакацыі паветрана-дэсантных войскаў з Херсона ў Арэхаўскі раён, у якім ідуць жорсткія баі.
Інстытут па вывучэнні вайны: Намаганні Крамля па расфармаванні ПВК Вагнера часткова ўвянчаліся поспехам
Камандзіры ПВК Вагнера абвінавацілі двух сваіх высокапастаўленых прадстаўнікоў у здрадзе на карысць ПВК «Рэдут», якая падпарадкоўваецца Мінабароны РФ, гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны (ISW).
«Гэтая здрада можа сведчыць пра ўсё большы раскол у кіраўніцтве ПВК Вагнера, паказваючы, што намаганні Крамля і Мінабароны Расіі па расфармаванні вагнераўцаў часткова ўвянчаліся поспехам», — лічаць аналітыкі.
Ключавыя высновы ISW:
- украінскія войскі вялі контрнаступальныя аперацыі як мінімум на двух участках фронту і прасоўваліся ў раёне Рабоціна;
- украінскія ўдары па глыбокім тыле Расіі выклікаюць незадаволенасць у расійскай інфармацыйнай прасторы, а таксама крытыку на адрас расійскага вайсковага камандавання;
- украінскія ўдары па расійскіх тылах відавочна падрываюць баявы дух расійскіх войскаў ва Украіне, што можа пагражаць стабільнасці расійскай абароны;
- паведамляецца, што расійскія афіцыйныя асобы распрацавалі план правядзення дзесяцігадовай кампаніі этнічных чыстак у акупаваным Марыупалі Данецкай вобласці;
- 20 жніўня расійскія войскі вялі наступальныя аперацыі ў раёне Купянска, Крамянной, Бахмута, на лініі Аўдзееўка — Данецк, на захадзе Данецкай — усходзе Запарожскай вобласці і нязначна прасунуліся ў раёне Бахмута.

Ва ўмовах ваенных дзеянняў мы не можам аператыўна праверыць дакладнасць звестак афіцыйных асобаў пра канфлікт. Любыя паведамленні праціўнікаў пра свае і чужыя страты варта ўспрымаць з пэўнай доляй скепсісу.