Украінскія вайскоўцы паведамілі, што працягваюць абараняцца на ўсходзе і поўдні Украіны, наступаць на Мелітопальскім і Бахмуцкім напрамках. У Мінабароны РФ заявілі, што ўначы нанеслі групавы ўдар па месцах захоўвання ракет Storm Shadow і боепрыпасаў са збедненым уранам. Ваенная разведка Вялікабрытаніі піша пра тое, што Расія перакінула пад Рабоціна 10 тысяч элітных дэсантнікаў як звычайную пяхоту. Пераказваем галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 572-і дзень вайны.
Генштаб УСУ: Пабілі тры склады боепрыпасаў і станцыю РЭБ праціўніка
«Сілы абароны Украіны працягваюць абараняцца на ўсходзе і поўдні Украіны, наступаць на Мелітопальскім і Бахмуцкім напрамках, знішчаюць ворага, крок за крокам вызваляюць часова акупаваныя тэрыторыі і замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах», — расказалі ў Генштабе УСУ.
Паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, за суткі адбылося больш за 35 баявых сутыкненняў. Расійскія войскі нанеслі 15 ракетных і больш чым 70 авіяцыйных удараў, здзейснілі 47 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню як па пазіцыях украінскіх войскаў, так і па цывільных аб’ектах.
- У раёне адказнасці АСЗВ «Поўнач «на Валынскім і Палескім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных змен.
- На Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік працягвае ўтрымліваць групоўкі войскаў прыкрыцця дзяржмяжы, праводзіць актыўную дыверсійную дзейнасць у памежных раёнах з мэтай не дапусціць перакідванне ўкраінскіх войскаў на пагрозлівыя напрамкі, нарошчвае шчыльнасць мінна-выбуховых загародаў уздоўж дзяржаўнай мяжы ў Белгародскай вобласці Расіі.
- У зоне адказнасці АСЗВ «Хорціца» на Бахмуцкім напрамку УСУ паспяхова адбілі атакі праціўніка ў раёне Белай Гары Данецкай вобласці. Праціўнік беспаспяхова спрабаваў прарваць абарону ўкраінскіх войскаў у раёне Андрэеўкі Данецкай вобласці. УСУ працягваюць штурмавыя дзеянні ў раёне Кляшчэеўкі, наносяць ворагу значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
- У зоне адказнасці АСЗВ «Таўрыя» на Мар'інскім напрамку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Мар'інкі Данецкай вобласці. Цягам сутак вораг здзейсніў 10 няўдалых спробаў выцесніць падраздзяленні УСУ з займаных пазіцый. На Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках УСУ ўтрымліваюць ініцыятыву, ціснуць на ворага, праводзяць штурмавыя дзеянні і адваёўваюць тэрыторыю.
- На Мелітопальскім напрамку УСУ працягваюць наступальную аперацыю, наносяць акупацыйным войскам значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы, прымушаюць ворага адыходзіць з займаных пазіцый.
- У зоне адказнасці АСЗВ «Адэса» на Херсонскім напрамку УСУ вядуць контрбатарэйную барацьбу, знішчаюць склады забяспечання і наносяць ўдары па тылах праціўніка.
Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі УСУ за мінулыя суткі пабілі два раёны канцэнтрацыі асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка, два зенітна-ракетныя комплексы, 11 артылерыйскіх сродкаў, тры склады боепрыпасаў і станцыю РЭБ праціўніка. Украінская авіяцыя нанесла 9 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу праціўніка.

Мінабароны РФ: Нанеслі групавы ўдар па месцах захоўвання ракет Storm Shadow і боепрыпасаў са збедненым уранам
«Уначы Узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі нанесены групавы ўдар высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці паветранага базавання, а таксама ўдарнымі беспілотнымі лётнымі апаратамі па месцах захоўвання кіеўскім рэжымам крылатых ракет Storm Shadow, боепрыпасаў са збедненым уранам, а таксама цэнтрах радыётэхнічнай разведкі і падрыхтоўкі дыверсійных груп УСУ. Мэта ўдару дасягнутая. Усе аб’екты пабітыя», — заявілі ў Мінабароны РФ.
— На Данецкім напрамку актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў Паўднёвай групоўкі войскаў ва ўзаемадзеянні з авіяцыяй і артылерыяй адбітыя шэсць атак праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Кляшчэеўка, Вясёлае, Маёрск, Мар'інка і Вадзяное Данецкай вобласці. Страты праціўніка склалі да 255 вайскоўцаў, тры баявыя браніраваныя машыны і сем аўтамабіляў. Падчас контрбатарэйнай барацьбы пабітыя: артылерыйская сістэма М777 вытворчасці ЗША, самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab польскай вытворчасці, а таксама гаўбіца Д-30. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Аўдзееўка Данецкай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 110-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Запарожскім напрамку зладжанымі дзеяннямі падраздзяленняў расійскай групоўкі войскаў, ударамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы 71-й егерскай брыгады ў раёне населенага пункта Вербавае Запарожскай вобласці. Забітыя да 55 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя дзве баявыя браніраваныя машыны, тры пікапы, дзве гаўбіцы Д-30, гармата М119 вытворчасці ЗША, а таксама радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-50.
— На Чырвоналіманскім напрамку ўмелымі дзеяннямі падраздзяленняў групоўкі войскаў «Цэнтр», ударамі армейскай авіяцыі і агнём артылерыі адбітыя дзве атакі штурмавых груп 67-й механізаванай брыгады і 12-й брыгады спецыяльнага прызначэння УСУ ў раёне населенага пункта Чырвоная Дзіброва і Серабранскага лясніцтва. Страты УСУ склалі больш чым 50 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры аўтамабілі, а таксама гаўбіца Д-20.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку падраздзяленнямі групоўкі войскаў «Усход», ударамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм наносілася комплекснае паражэнне жывой сіле і тэхніцы 31-й механізаванай брыгады і 128-й брыгады тэрытарыяльнай абароны ў раёнах населеных пунктаў Старамаёрскае і Ураджайнае Данецкай вобласці. Страты праціўніка склалі больш чым 180 вайскоўцаў забітымі і параненымі, тры баявыя браніраваныя машыны, 11 аўтамабіляў, а таксама гаўбіца Д-20. Таксама ў раёне населенага пункта Прачыстоўка Данецкай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 38-й брыгады марской пяхоты УСУ.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі і агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў пабітыя жывая сіла і тэхніка 14-й, 30-й, 92-й механізаваных, 25-й паветрана-дэсантнай брыгад УСУ, а таксама 103-й брыгады тэрытарыяльнай абароны ў раёнах населеных пунктаў Сінькоўка, Бераставое Харкаўскай вобласці, Навасёлаўскае і Арцёмаўка Луганскай вобласці. Забітыя да 20 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя дзве баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі, артылерыйская сістэма М777 вытворчасці ЗША, а таксама дзве гаўбіцы «Мста-Б».
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння за суткі забітыя больш чым 80 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя пяць аўтамабіляў, а таксама дзве гаўбіцы Д-30.
Сродкамі супрацьпаветранай абароны перахопленыя пяць рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS.
Акрамя таго, знішчаныя і здушаныя 27 украінскіх беспілотных лётных апаратаў у раёнах населеных пунктаў Спірное самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі, Чырвонапапоўка самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі, Мірнае, Пралетарскае, Скеляватае Запарожскай вобласці і Каханы Херсонскай вобласці.
У Мінабароны Расіі таксама расказалі пра ўдары па тэрыторыі Украіны за суткі:
- аператыўна-тактычная авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя пабілі жывую сілу і ваенную тэхніку праціўніка ў 123 раёнах. Акрамя таго, у раёнах населеных пунктаў Тарское, Серабранка і Аўдзееўка Данецкай вобласці пабітыя чатыры пункты кіравання 67-й і 110-й механізаваных брыгад УСУ, а таксама 100-й і 112-й брыгад тэрытарыяльнай абароны;
- сродкі супрацьпаветранай абароны перахапілі пяць рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS. Акрамя таго, знішчаныя і здушаныя 27 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.

Ваенная разведка Вялікабрытаніі: Расія перакінула пад Рабоціна 10 тысяч элітных дэсантнікаў як звычайную пяхоту
«За апошнія два тыдні Расія, імаверна, узмацніла 58-ю агульнавайсковую армію, якая знаходзіцца ў цяжкім становішчы, дадатковымі падраздзяленнямі ПДВ на Арэхаўскім напрамку ў Запарожскай вобласці», — гаворыцца ў штодзённым аглядзе Мінабароны Вялікабрытаніі.
Паводле звестак разведкі, агулам прынамсі пяць палкоў ПДВ, набраных з 7-й і 76-й дывізій, імаверна, цяпер сканцэнтраваныя ў межах некалькіх кіламетраў ад прыфрантавой вёскі Рабоціна. У поўным складзе такія сілы мусяць складаць каля 10 тысяч элітных дэсантнікаў. Тым не менш амаль усе падраздзяленні, хутчэй за ўсё, знаходзяцца ў крытычным стане.
«Цяперашняя сітуацыя, імаверна, будзе ўспрынятая кіраўніцтвам ПДВ як вельмі кепская. Цягам усёй вайны расійскае камандаванне імкнулася адрадзіць ПДВ як высокамабільную ўдарную сілу для наступальных аперацый. І зноў іх выкарыстоўваюць у якасці лінейнай пяхоты для ўзмацнення перагружаных сухапутных войскаў», — лічаць у Мінабароны Вялікабрытаніі.
Інстытут па вывучэнні вайны (ISW): Чуткі пра кепскае здароўе Рамзана Кадырава могуць падарваць стабільнасць у Чачні
«Доўгая занепакоенасць з нагоды здароўя кіраўніка Чачні ў расійскай інфармацыйнай прасторы падкрэслівае залежнасць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ад Кадырава ў пытанні захавання стабільнасці ў Чачні», — пішуць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны.
Паведамляецца, што Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны (ГУР) 15 верасня заявіла, што Кадыраў быў у коме. Гэта нарадзіла чуткі пра кепскае здароўе кіраўніка Чачні сярод расійскіх мілблогераў і інсайдарскіх крыніц. У відэа, апублікаваным 17 верасня, Рамзан Кадыраў абверг чуткі пра сваё здароўе.
«Дэстабілізацыя кіравання Кадырава ў Чачні стане сур’ёзным ударам па рэжыме Пуціна, часткова праз тое, што для ранняй папулярнасці Пуціна ў Расіі было важным усталяванне стабільнасці ў Чачні праз жорсткую і крывавую вайну. Кадыраў і іншыя расійскія чыноўнікі могуць быць занепакоеныя тым, што пастаянныя чуткі пра ягоны стан здароўя паўплываюць на доўгатэрміновую стабільнасць у рэгіёне і ў выніку — пуцінскі кантроль над Чачнёй», — падсумавалі ў ISW.
Ключавыя высновы ISW:
- 17 верасня ўкраінскія войскі вызвалілі Кляшчэеўку на поўдзень ад Бахмута і працягнулі паспяховыя наступальныя дзеянні на іншых участках Бахмуцкага напрамку;
- у ноч на 17 верасня расійскія войскі нанеслі яшчэ адну серыю ўдараў «Шахедамі» і крылатымі ракетамі на поўдні Украіны;
- расійскія войскі 17 верасня вялі наступальныя дзеянні на мяжы Купянск — Сватава — Крамянная, у раёне Бахмута, на лініі Аўдзееўка — Данецк і прасунуліся на асобных участках;
- украінскія сілы працягнулі контрнаступальныя аперацыі на захадзе Запарожскай вобласці.

Ва ўмовах ваенных дзеянняў мы не можам аператыўна праверыць дакладнасць звестак афіцыйных асобаў пра канфлікт. Любыя паведамленні праціўнікаў пра свае і чужыя страты варта ўспрымаць з пэўнай доляй скепсісу.