Калі Саміры Сабзіян было 15 гадоў, яе супраць волі выдалі замуж. А ў 19 гадоў яна забіла свайго мужа, які ўжываў да яе гвалт цягам некалькіх гадоў. Рэшту жыцця маладая жанчына прабыла ў зняволенні, чакаючы смяротнага пакарання. Яно здарылася 20 снежня 2023-га — да гэтага моманту Сабзіян споўнілася ўжо 29. «Люстэрка» расказвае трагічную гісторыю іранкі, якая стала рэзананснай у свеце, але не адзінай такой у краіне.
Саміра Сабзіян вядомая ў свеце пад імем «дзяўчынка-нявеста». У 15 гадоў яе прымусілі выйсці замуж: імаверна, за свайго гвалтаўніка, бо ў свае 12 гадоў іранка ўжо нарадзіла дзіця. Муж некалькі гадоў сістэматычна збіваў яе і выкарыстоўваў сэксуалізаваны гвалт. У выніку ў яе з’явілася другое дзіця.
Праз чатыры гады такога «сямейнага жыцця» ўжо 19-гадовая Сабзіян не вытрымала і забіла свайго мужа. Яе хутка арыштавалі — суд вынес смяротны прысуд. Праўда, выкананне рашэння адклалі.
Каля 10 гадоў Сабзіян знаходзілася ў зняволенні. За гэты час ёй дазволілі пабачыцца са сваімі дзецьмі толькі аднойчы — у пачатку снежня 2023-га, незадоўга да пакарання смерцю. Паводле іншых крыніц, жанчына добраахвотна адмаўлялася бачыцца з дзецьмі, «спадзеючыся атрымаць прабачэнне ад бацькоў мужа».
На момант арышту Сабзиан аднаму з яе дзяцей было ўсяго паўгода.
«Адплата ў натуральнай форме»
Сярод пакараных смерцю іранскіх жанчын 66% абвінавачваліся менавіта ў забойстве сваіх мужоў. Руская служба Бі-бі-сі заўважае: паводле іранскіх законаў, яны не маглі развесціся ні пры якіх абставінах. Нават хатні гвалт не з’яўляецца ў Іране прычынай для скасавання шлюбу.
Акрамя таго, у дачыненні да жанчын у гэтай краіне не прымяняюцца такія змякчальныя абставіны, як ненаўмыснае забойства і стан афекту падчас яго здзяйснення. Абставіны, якія прывялі да гэтага злачынства, таксама не ўлічваюцца — абсалютна ўсіх жанчын чакае «адплата» смерцю.
Як правіла, іранкі, якіх асуджаюць на смяротнае пакаранне, страчваюць нават падтрымку сваіх бацькоў. Многія з іх выбіраюць абарону «гонару сям'і» і адракаюцца ад дачкі, якая не змагла захаваць шлюб.
Сям'і ахвяры ж у такіх справах даецца выбар. Бацькі мужа Сабзіян маглі або прыняць смяротны прысуд абвінавачанай, або змякчыць яго, папрасіўшы для сябе фінансавую кампенсацыю за страту блізкага. Але яны адмовіліся ад грошай, настойваючы на смяротнай кары для сваёй нявесткі.
«Ахвяра некампетэнтнай машыны забойстваў»
Гадамі ўрад Вялікабрытаніі, ААН і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі змагаліся за жыццё маладой жанчыны і спрабавалі дамовіцца з іранскімі ўладамі, каб яе памілавалі. Зрабіць гэта не ўдалося.
20 снежня 2023-га пра пакаранне смерцю Сабзіян праз павешанне паведаміла праваабарончая арганізацыя Iran Human Rights.
— Саміра многія гады была ахвярай гендарнага апартэіду, дзіцячага шлюбу і хатняга гвалту, а сёння стала ахвярай некампетэнтнай і карумпаванай машыны забойстваў гэтага рэжыму, — заявіў кіраўнік арганізацыі Махмуд-Аміры Магадам.
Сёння ў міжнародным праве паняцце апартэіду выкарыстоўваецца толькі ў кантэксце злачынстваў супраць расавых груп, але актывісткі з Ірана і Афганістана заклікаюць выкарыстоўваць яго і для гендарных злачынстваў.
Афіцыйная прэса краіны пра гэта пакуль маўчыць, улады таксама не пацвярджалі прывядзення прысуду ў выкананне.
Сабзіян стала васямнаццатай жанчынай, якую іранскія ўлады пакаралі смерцю толькі за 2023 год. У ліпені гэтага года праваабаронцы ўжо звярталіся да міжнароднай грамадскасці з просьбай звярнуць увагу на рост колькасці смяротных прысудаў у краіне. У тым ліку і тых, якія прыводзяць у выкананне праз доўгі час, — як у выпадку Сабзіян.
Чытайце таксама