Расследавальніцкі праект «Схемы» («Радыё Свабода») апублікаваў спадарожнікавыя здымкі Planet Labs за 31 студзеня, на якіх відаць месца падзення расійскага вайскова-транспартнага самалёта Іл-76. След, які пакінуў самалёт падчас падзення, распасціраецца прыкладна на 500 метраў, адзначаюць журналісты.
Вайскова-транспартны самалёт Іл-76 зваліўся Белгародскай вобласці 24 студзеня. Мінабароны Расіі заявіла, што на яго борце было 65 украінскіх ваеннапалонных і дзевяць расійскіх вайскоўцаў. Усе загінулі. Мінабароны і Следчы камітэт Расіі (СКР) сцвярджаюць, што самалёт быў збіты дзвюма зенітнымі ракетамі з тэрыторыі Харкаўскай вобласці. Напярэдадні прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што, паводле звестак экспертызы, Іл-76 быў збіты амерыканскай сістэмай Patriot.
У Следчым камітэце РФ у чацвер, 1 лютага, паведамілі, што на месцы падзення самалёта знайшлі больш за 670 фрагментаў целаў загінулых, а таксама часткова ацалелыя дакументы. Рэшткі ідэнтыфікавалі.
«Падчас працы з затрыманымі ўкраінскімі вайскоўцамі следства ў абавязковым парадку бярэ біялагічны матэрыял для вызначэння генетычнага профілю. Такім чынам, у распараджэнні следства былі генетычныя профілі ўсіх украінскіх вайскоўцаў, якія знаходзіліся на борце названага самалёта.
Вынікі правядзення генетычных экспертыз дазволілі зрабіць адназначную выснову пра прыналежнасць узятых фрагментаў целаў 6 чальцам экіпажа, 3 супрацоўнікам вайсковай паліцыі і 65 украінскім вайскоўцам, якія загінулі падчас катастрофы самалёта ў выніку атакі Узброеных сіл Украіны 24 студзеня 2024 года», — гаворыцца ў паведамленні СК РФ.
Нагадаем, Галоўнае ўпраўленне Мінабароны Украіны пацвярджала, што 24 студзеня мусіў адбыцца абмен палоннымі, які быў адменены. Кіеў не пацвярджаў ні ракетнага ўдару па Іл-76, ні таго, што на борце былі ўкраінскія палонныя. СБУ завяла крымінальную справу па артыкуле пра парушэнне законаў і звычаяў вайны. Зяленскі казаў, што Украіна будзе настойваць на міжнародным расследаванні.