Падчас свайго прасоўвання ў Курскай вобласці ўкраінскае войска выйшла да жаночай калоніі, за якую цяпер ідуць жорсткія баі, піша Bild.
Паводле звестак выдання, у вёсцы Малая Локня, за 14 кіламетраў ад украінскай мяжы, расійскія вайскоўцы ператварылі жаночую папраўчую калонію № 11 у крэпасць і аказваюць жорсткі супраціў УСУ. Як мяркуецца, у абароне ўстановы ўдзельнічаюць нават ахоўнікі калоніі.
З 2011 года ў калоніі ўтрымліваюцца 203 асуджаныя на тэрміны ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым некалькі дзясяткаў расійскіх салдат замацаваліся вакол калоніі, узвялі барыкады і выкарыстоўваюць вартавыя вышкі турмы як агнявыя пазіцыі, а масіўныя будынкі — як абарону ад украінскіх атак.
Украінскія вайскоўцы, у сваю чаргу, абстрэльваюць расійскіх з баявых машын пяхоты Marder нямецкай вытворчасці, а таксама атакуюць беспілотнікамі вартавую вежу ля ўваходу ў жаночую калонію.
Расійскія ваенныя блогеры пацвярджаюць, што Малая Локня была амаль цалкам акружаная ўкраінскімі падраздзяленнямі, але ўнутры комплексу салдаты УС РФ далей трымаюць абарону. Мінабароны РФ паведамляе, што ўсе атакі ўкраінскіх войскаў на Малую Локню былі адбітыя.
Пакуль што няясна, колькі зняволеных усё яшчэ ўтрымліваецца ў жаночай калоніі ў Малой Локні.