У Іспаніі пачалі шукаць вінаватых у тым, што магутныя паводкі, якія накрылі ў аўторак гарады правінцыі Валенсія, забралі дзясяткі жыццяў. Прэса і карыстальнікі сацсетак абвінавачваюць ратавальнікаў у тым, што яны запозна выдалі папярэджанне, а ўлады — у тым, што яны ў цэлым не былі гатовыя да такога бедства, піша Руская служба Бі-бі-сі.
Паводле апошніх звестак, праз магутныя залевы і паводкі на ўсходзе Іспаніі загінула як мінімум 95 чалавек.
Пры гэтым служба грамадзянскай абароны выдала папярэджанне пра небяспеку толькі ў чвэрць дзявятай вечара ў аўторак, калі многія населеныя пункты ўжо былі затопленыя.
«Маштаб гэтай трагедыі падымае пытанне, ці не паведамілі насельніцтву запозна: грамадзянская абарона разаслала папярэджанні, калі паводкі ўжо затапілі гарады», — абвяшчае загаловак на сайце найбуйнейшай іспанскай газеты El Mundo.
Газета адзначае, што сотні людзей прабавілі ноч з аўторка на сераду ў прамысловых зонах ці ў машынах на дарогах, бо да вечара дарогі ўжо былі перарэзаныя патокамі вады.
«Мяне як мэра ніхто не папярэдзіў, што рака Магрэ можа выйсці з берагоў. А яна заліла горад вадой, занесла брудам і смеццем», — паскардзіўся мэр гарадка Алькульдыя Андрэу Салам.
З іншага боку, як лічыць кліматолаг з Універсітэта Алікантэ Хорхе Альсіна, метэаралагічная служба Іспаніі ясна папярэдзіла людзей, што ім варта заставацца дома, каб не падвяргаць сваё жыццё небяспецы.
«Але людзі хочуць далей жыць звычайным жыццём, нават калі атрымліваюць „чырвонае“ папярэджанне», — сказаў Альсіна ў эфіры радыёстанцыі Cadena Ser.
Некаторыя грамадзяне абвінавачваюць улады правінцыі Валенсія ў эканоміі на выратавальнай службе.
Кіраўніку правінцыі, кансерватару Карласу Масону давялося зноў апраўдваць сваё рашэнне скасаваць службу надзвычайных сітуацый UVE.
UVE была створаная левымі палітыкамі, якія былі ва ўладзе ў правінцыі да апошніх выбараў. Выйграўшы выбары летась, Карлас Масон неадкладна скасаваў гэтую новую ўстанову, заявіўшы, што карысць ад яе невідавочная, а выдаткі — непрапарцыйныя што да перавагаў.
Гэтае рашэнне цяпер зноў крытыкуюць апаненты Масона і яго кансерватыўнай Народнай партыі.
Урад правінцыі Валенсія ў адказ заявіў, што UVE насамрэч была фіктыўнай арганізацыяй: «Нуль пажарных, нуль матэрыяльнага забяспечання, нуль эфектыўнасці».
Карласа Масона папракаюць яшчэ і ў тым, што ён у аўторак паабяцаў, што з шасці вечара залевы аслабнуць. Замест гэтага ўвечары патокі вады ўжо залівалі гарады і вёскі, зносілі аўтамабілі і змывалі дарогі.
Масон на гэта адказвае, што ратавальныя службы былі ў стане павышанай гатоўнасці яшчэ з панядзелка, а даць людзям канкрэтныя рэкамендацыі, што рабіць, было вельмі цяжка праз экстраардынарны характар бедства.
«Эксперты кажуць пра абсалютна беспрэцэдэнтную сітуацыю», — сказаў кіраўнік правінцыі. Актывісты барацьбы са змяненнем клімату лічаць, што паводкі ў Іспаніі яшчэ раз нагадваюць пра неабходнасць хутка і рашуча дзейнічаць, каб спыніць глабальнае пацяпленне.
«Змяненне клімату — гэта не абстрактнае паняцце, а рэальнасць, якая ўплывае на нашыя жыцці, а ў гэтым выпадку — забірае жыцці», — сказала кіраўніца іспанскага аддзялення Greenpeace Эва Салданья.
Хорхе Альсіна, навуковец з Універсітэта Алікантэ і суаўтар нядаўняга дакладу пра праявы змянення клімату ў Іспаніі, лічыць, што магутныя залевы і паводкі ў Валенсіі — гэта менавіта адна з такіх праяваў.
Паводле кліматолагаў, непасрэднай прычынай цяперашняй паводкі было спалучэнне шматлікіх фактараў, аднак атмасфера, што паступова награваецца ў выніку глабальнага пацяплення, павышае імавернасць такіх стыхійных бедстваў.