Расійская армія ўдзень 18 лістапада нанесла ўдар па Адэсе. Мясцовыя ўлады паведамляюць як мінімум пра восем загінулых.
«У выніку расійскага ракетнага ўдару па цэнтры Адэсы загінулі восем чалавек, сярод іх медыкі, паліцэйскія, звычайныя цывільныя людзі.
Параненыя 39 чалавек, у тым ліку чатыры дзіцяці ва ўзросце 7, 10 і двое 11 гадоў. Дзеці ў стане сярэдняй ступені цяжкасці шпіталізаваныя. Таксама ў бальніцах 30 дарослых, з іх трое ў вельмі цяжкім стане. Нашыя дактары робяць усё магчымае і немагчымае, каб захаваць жыццё і здароўе кожнаму. Іншым пацярпелым дапамога была аказаная на месцы», — напісаў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі Алег Кіпер.
Прэзідэнт Украіны назваў удар па горадзе паказальным.
«Пасля званкоў і сустрэч з Пуціным, пасля ўсіх хлуслівых плётак у медыя пра нібыта „ўстрыманне“ ад удараў, Расія паказвае, што яе цікавіць насамрэч: толькі вайна. І гэты сігнал варта пачуць ва ўсіх частках свету ад залаў, дзе сустракаюцца чальцы „Групы дваццаці“, да ўсіх сталіц свету», — пракаментаваў удар па горадзе прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.