Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп можа перадаць Украіне ядзерную зброю, каб раз і назаўжды перашкодзіць Расіі і Уладзіміру Пуціну. Такое меркаванне агучыў брытанскі эксперт па бяспецы і абароне Нікалас Драманд выданню Daily Express.
Адзначаецца, што перамога Трампа на выбарах у ЗША выклікала занепакоенасць ва Украіне адносна таго, ці атрымае яна падтрымку ад амерыканцаў у барацьбе супраць Расіі.
У прыватнасці, з’явіліся асцярогі, што Трамп можа прымусіць Украіну заключыць непажаданае пагадненне пра спыненне агню, але Драманд лічыць, што Трамп, які вярнуўся ў прэзідэнцкае крэсла, можа выкарыстаць іншы падыход.
«Цягам наступных чатырох гадоў Расія пераўзброіцца, але і Украіна таксама адновіцца, пераўзброіцца і падрыхтуецца. ЗША могуць перадаць Украіне ядзерную зброю. Угода можа быць заключаная вельмі ціха, і Украіна раптам стане вельмі магутнай. Зяленскі можа сказаць: «У нас ёсць ядзерная зброя, і калі вы нападзяце на нас, мы будзем бамбіць Маскву», — падзяліўся меркаваннем эксперт.
Ён дадаў, што перадача ядзернай зброі Украіне магла б быць казырнай картай Трампа.
«Гэта можа быць казырнай картай Трампа. З аднаго боку, гэта можа быць неразважлівасцю — даць Украіне ядзерную зброю, з іншага — гэта можа аднавіць баланс міру і сіл у рэгіёне», — лічыць Драманд.
Ён таксама адзначыў, што ЗША могуць перадаць такую зброю Украіне, але адначасова заявіць, што краіну не прымуць у NATO.