У сеціве з’явілася заява ад імені зрынутага прэзідэнта Сірыі Башара Асада, у якой апісваюцца абставіны яго ўцёкаў у Расію. Дакумент распаўсюдзіла яго канцылярыя.
У заяве сцвярджаецца, што Асад заставаўся ў Дамаску аж да самай раніцы 8 снежня і пакінуў краіну толькі ўвечары таго ж дня. «Пасля ўварвання тэрарыстаў у Дамаск я ў каардынацыі з расійскімі саюзнікамі перабраўся ў Латакію, каб адтуль назіраць за баявымі дзеяннямі», — гаворыцца ў дакуменце.
Асад заяўляе, што калі ён прыехаў на расійскую авіябазу Хмеймім, ужо стала ясна, што «нашыя сілы цалкам адышлі з усіх баявых рубяжоў, а апошнія вайсковыя пазіцыі палі». Ён адзначае, што авіябаза Хмеймім таксама падвергнулася нападу, таму пакінуць яе было немагчыма, і менавіта Масква звярнулася да камандавання базы з просьбай арганізаваць неадкладную эвакуацыю.
Пры гэтым, як сцвярджае экс-прэзідэнт, ён ні разу не думаў пра тое, каб ісці ў адстаўку ці шукаць прытулку, а таксама не атрымліваў адпаведных прапановаў.
Нагадаем, сталіца Сірыі Дамаск аказалася ў руках паўстанцаў менш праз чым два тыдні пасля таго, як яны ўзялі пад кантроль некалькі буйных сірыйскіх гарадоў. Прэм’ер-міністр краіны заявіў, што гатовы да перадачы ўлады пасля таго, як прэзідэнт Башар Асад уцёк з Дамаска, калі паўстанцы ўвайшлі ў сталіцу. Такім чынам у Сірыі скончылася кіраванне Асада, які больш за 10 гадоў вёў грамадзянскую вайну і здолеў застацца ва ўладзе, абапіраючыся на падтрымку Расіі і Ірана.