Ці выратуе Кітай свет? Меркаванне Юрыя Дракахруста
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Пытанне аб перадухіленні самага горшага сцэнара развіцця падзей — перарастання цяперашняй вайны ў сусветную і ядзерную.

  • Юрий Дракохруст
    Юрый ДракахрустАглядальнік беларускай службы «Радыё Свабода»
    Кандыдат фізіка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты свабоды» (2009) и «Сем худых гадоў» (2014). Лаурэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў за 1996 год. Журналісцкае крэда: не плакаць, не смяяцца, а разумець. Блог Юрыя Дракахруста на сайце «Радыё Свабода»

Механізмаў гэтага перарастання можа быць некалькі. НАТА ўсё ж усталюе беспалётную зону над Украінай, пачне збіваць расійскія самалёты, Расія ў адказ нанясе ядзерны ўдар — і пачалося. Расія не дасягае поспеху ва Украіне канвенцыйнай зброяй і звяртаецца да неканвенцыйнай. Расія прыходзіць да высновы, што цяжар санкцый, накладзеных на яе за вайну з Украінай, знішчыць яе эканоміку, і выстаўляе Захаду ўльтыматум: ці вы здымаеце санкцыі, ці мы націскаем на кнопку. Як казаў Пуцін: «Вы здохнеце, а мы ў рай трапім».

Амерыканскі родапачынальнік тэорый ядзернай вайны Герман Кан называў жанр сваіх навуковых пошукаў «думкамі аб нямыслімым». Цяпер упершыню з Карыбскага крызісу падобныя сцэнары выглядаюць хаця пакуль не вельмі імавернымі, але ўжо не нямыслімымі.

Зрэшты, уяўляецца, што цяпер у сусветнай палітыцы ёсць адзін фактар, які перашкаджае рэалізацыі такога сцэнара: гэта Кітай.

Ён перашкаджае гэтаму дваяка.

У выпадку ядзернага Армагедону Кітай будзе ўжо зусім без віны вінаваты. Менавіта таму, калі сітуацыя падыйдзе да небяспечнай рысы, ён умяшаецца і не дазволіць пачаць глабальную вайну, якая прывядзе да непрадказальных наступстваў, для Кітая ў тым ліку. Ужо якую формулу ўрэгулявання навяжа Пекін супрацьлеглым бакам — цяжка сказаць. Магчыма, яна не спадабаецца ўсім, і Расіі таксама — і ці не найперш. Але па-філасофску назіраць за сітуацыяй Кітай дакладна не будзе.

А іншы элемент кітайскага стрымлівання найгоршага сцэнара палягае якраз у тым, што будучыню пасля нямыслімага ўсё ж збольшага можна і прадказаць. Мао Цзэдун казаў: «Калі нават палова свету загіне ў ядзернай вайне, астатняя палова свету будзе сацыялістычнай».

Можна ўдакладніць класіка: не сацыялістычнай, а кітайскай. Дапусцім, што Захад «здохне», дапусцім нават, што рускія «трапяць у рай». А кітайцы? А кітайцы будуць кіраваць мірам. Вялікай Расіі ў гэтым свеце ўжо не будзе, але ён не застанецца без вялікіх. Нават у рамках эсхаталагічнай карціны свету Пуціна якая радасць, якая найвышэйшая Божая справядлівасць будзе ў такім сцэнары?

Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыей рэдакцыі.