Чытачы партала devby.io расказалі, як іх адносіны не вытрымалі праверкі рэлакейтам.

«Я таксама мусіў атрымаць ВНЖ Сербіі як муж, але яна скасавала працэс для мяне»
Сяргей (імёны ў тэксце змененыя), прадуктовы менеджар, у ІТ — тры гады:
— Мы з жонкай былі разам восем гадоў, чатыры з іх — у шлюбе, ажаніліся ў 2020 годзе. На гэтыя чатыры гады выпала шмат выпрабаванняў — пратэсты ў Беларусі, пачатак вайны ва Украіне і два пераезды.
У сакавіку 2022 года мы паляцелі ў Турцыю, збіраліся асесці там, але не атрымалі ВНЖ і выправіліся ў Грузію. Там мы абое знайшлі працу, пачалі зарабляць — і ў цэлым за два гады жыцця там усё было нядрэнна.
Але ў мяне былі праблемы з пашпартам — ён скончыцца ў 2028 годзе, — і я з гэтым нічога не рабіў, проста чакаў, раптам нешта зменіцца. А мая жонка актыўна шукала выйсце — яна двойчы падавалася на ВНЖ ў Грузіі (але атрымлівала адмовы). І ў выніку знайшла: ёй на працы прапанавалі рэлакацыю ў Сербію.
Мы пачалі рыхтавацца да пераезду — сабралі дакументы, купілі білеты. Але за месяц да пералёту мая жонка сказала, што вельмі стамілася і па прыездзе ў Сербію са мной развядзецца. Мы прыляцелі разам, паўгода не маем зносінаў, жывём асобна. Пакуль афіцыйна не развяліся, мабыць, ёсць нейкія цяжкасці альбо яна перадумала гэтым займацца.
Так, для жонкі пытанне з легалізацыяй вырашылася — яна атрымала ВНЖ Сербіі. Я таксама мусіў атрымаць яго як муж, але яна скасавала працэс для мяне. Усе дакументы рабіла яе кампанія, я ж цяпер займаюся легалізацыяй самастойна. Калі ўсё атрымаецца, то будзе ВНЖ на тры гады, а потым я змагу падацца на ПМЖ і атрымаць грамадзянства праз тры гады.
Я разводзіцца не хачу, але не перашкаджаю працэсу. Спрабаваў гаварыць з жонкай, прапаноўваў звярнуцца па дапамогу да сямейнага псіхолага, але яна сказала, што вельмі стамілася і нічога не хоча. Кожны раз, калі я прасіў яе сесці і абмеркаваць, казала, што я на яе цісну. Я зрабіў усё, каб захаваць адносіны, але не выйшла. Прычына, якую яна агучыла, — яна не кахае мяне як мужчыну і просіць яе адпусціць.
І так, мы ні разу не абмеркавалі нармальна, што за гэтыя чатыры гады перажылі. Я не вінавачу ў гэтым рэлакацыю. Проста сіл у абаіх ужо не хапала, я быў у дэпрэсіўным стане, разглядаў пераезд у Сербію як фінальны — і думаў, што ў Сербіі мы неяк зможам перазагрузіць адносіны. А пасля рашэння жонкі развесціся атрымаў сапраўдную дэпрэсію: п’ю антыдэпрэсанты, займаюся з псіхатэрапеўтам.
«Магчыма, без вайны мы не былі б разам так доўга»
Андрэй, прадуктовы менеджар, чатыры гады досведу ў ІТ:
— Пераехалі ў 2023 годзе разам з дзяўчынай з Кіева ў Варшаву. Нядаўна вось вырашылі расстацца.
У нас былі праблемы ў адносінах і ў Кіеве, але ўсе яны нівеляваліся падчас чарговых абстрэлаў: калі ноччу ляжыш у калідоры, а над галавой выбухі — то няма нікога раднейшага за чалавека побач. Усе прэтэнзіі адразу становяцца няважнымі.
Пасля пераезду жыццё нібыта знялі з паўзы — я пачаў задумвацца пра будучыню, ці камфортна мне з ёю жыць, ці бачу сябе з ёю ў будучыні. Пры гэтым былі пачуцці і жаданне быць разам. Але аднойчы зразумеў, што і пачуцці зніклі. І атрымліваецца, што праблем і незадаволенасці куча, а радасці ад адносін няма (не лічачы вялікага ўзроўню блізкасці, даверу, падтрымкі).
Падводзячы вынікі, скажу: я думаю, што ёсць шмат розных прычын, але таксама ўпэўнены, што нас моцна зблізіла вайна і неабходнасць трымацца адно за аднаго. Магчыма, без вайны мы і не былі б столькі разам (а можа, і былі б).
Напэўна, варта ўдакладніць, чаму мы пераязджалі з Кіева: Украіна — мая радзіма, я нарадзіўся ў Крыме, у Кіеў пераехаў, бо там не было перспектываў + татальная несвабода. Дарэчы, з’ехаць я вырашыў пасля падзей у Беларусі ў 2020 годзе, бо зразумеў, што далей будзе горш.
«У Беларусі ўсё было не так кепска ў мяне. І ўжо дакладна стабільней адчуваў сябе мой муж»
Аліна, замужам за распрацоўшчыкам:
— Мы з мужам пражылі шэсць гадоў у шлюбе, а цяпер думаем расстацца.
Калі шчыра, то яшчэ да пераезду (у 2022 годзе на патрабаванне заказчыка праекта, на якім працаваў мой муж) у мяне была дэпрэсія: падзеі 2020 года вельмі падкасілі мяне. Я спадзявалася, што пераезд дапаможа мне прыйсці ў сябе — але не, усё стала нават горш.
У маім свеце тады надышло вечнае змярканне, я не хацела прачынацца раніцай — ляжала на ложку большую частку дня, баялася выходзіць з дому.
Муж спрабаваў спачатку дапамагаць, але, здаецца, перагарэў. Ён наняў мне псіхолага. Сам жа занурыўся ў працу, узяў другі праект. Пазней, калі я пачала выкарасквацца, я спытала, навошта ён так шмат працуе, — ён расказаў пра скарачэнні ў яго кампаніі. Праз гэта ён адчуваў пастаянную трывогу, баяўся, што яго таксама звольняць і мы будзем без сродкаў да існавання.
Ён цягнуў і цягне нас дваіх, але кажа, што ў яго ўнутры нешта зламалася: ён успрымае мяне як роднага чалавека — напрыклад, сястру, але не сваю каханую жанчыну. І ў мяне падобнае пачуццё.
Відаць, правільна нам развесціся, але пакуль не зразумела, як жыць далей — я не працую, калі мы раз’едземся на розныя кватэры, выдаткі мужа ўзрастуць.
Чаму я вінавачу ва ўсім пераезд, калі і раней мой стан быў далёкі ад нармальнага? Відаць, таму што ў Беларусі ўсё было яшчэ не так кепска ў мяне. І ўжо дакладна стабільней адчуваў сябе мой муж.
Я бясконца ўдзячная свайму мужу за тое, што ён не сышоў ад мяне, як робяць многія мужчыны (і нават дзеці іх не спыняюць — а ў нас іх няма). Мы дамовіліся паспрабаваць выратаваць наш шлюб, пачалі хадзіць удваіх да сямейнага псіхолага. Але мне самой пакуль не верыцца, што гэта дапаможа.
«На ўсе просьбы дапамагчы я чула толькі адно: „Я не ведаю мовы“»
Яўгенія, фронтэнд-распрацоўшчыца, у ІТ — 5+ гадоў:
— Мы з мужам пераехалі ў Польшчу зімой 2023 года — калі абое знайшлі там працу. Пасля пераезду я і гаспадаркай займалася, і дзіцем (яму сем гадоў), і адаптацыйныя задачы вырашала, і працавала, а мой муж толькі працаваў — і ўсё.
На ўсе просьбы дапамагчы, уключыцца я чула толькі адно: «Я не ведаю мовы». Неяк сацыялізавацца муж таксама не хацеў: і працаваў дыстанцыйна, і жыў гэтаксама.
У нейкі момант я зразумела, што не хачу цягнуць дваіх «дзяцей» — і прапанавала мужу расстацца. Цяпер мы жывём паасобку. Развод пакуль не афармлялі — на гэта няма ні часу, ні сілы (калі камусьці здаецца, што я вельмі проста прыняла такое рашэнне, дык вось не, яно каштавала мне сівой галавы). Але мне стала неяк лягчэй.
Дарэчы, ёсць адчуванне, што я выдаткоўваю менш грошай, чым раней, калі была ў шлюбе.
Чытайце таксама на devby.io:
«Вернулся, но не уверен, что это правильно». Айтишники про любовь и секс на расстоянии